Казкі
Добры Нехта
На адной высокай зорцы жыў Нехта. Добры, ласкавы. Кожнай ноччу ён прыдумваў казкі, дакладней – сны. Аднойчы Нехта пачуў, як на зямлі заплакала дзіця. Маленькая дзяўчынка. А яе сябар, плюшавы мядзведзік, нічым не мог дапамагчы. Нехта ціхенька спусціўся з неба, залез у мядзведзіка і пачаў баяць казку. Нарэшце апошняя слязінка скацілася з дзіцячай шчакі. Нехта паспрабаваў вылезці з плюшавага мядзведзіка. Але дзяўчынка зноў заплакала. Давялося сядзець з ёй усю ноч. Цэлы месяц Нехта жыў на зямлі, клапаціўся пра дзяўчынку. А потым, калі тая перастала плакаць, зорка забрала яго назад, на неба. Прыдумваць новыя казкі, дакладней – сны.
Яна ВЛАДЫКА
г. Маладзечна.
САСНА І БЯРОЗА
Неяк адна, без сяброў, прыйшла я ў лес. Як у казку трапіла: птушкі спяваюць, ціха шумяць дрэвы. Чую, нехта размаўляе. Я схавалася пад куст ядлоўцу і пачала слухаць. Сасна скардзілася: – Добра табе, бяроза, у летнім адзенні. Не душна. А я паруся ў гэтым футры з ігліцы. Бяроза адказала: – Лісце, мой летні ўбор, ападзе. І зімой мне будзе вельмі холадна. Сасна ўявіла, як дрыжыць голая бяроза ў марозны дзень, і прапанавала: – Давай сябраваць! Я буду цябе зімой затуляць ад ветру, грэць сваім футрам, а ты летам на мяне прахалодай дыхнеш, лісцем трапяткім асвяжыш. На тым і пагадзіліся. Я прыйшла дадому і пераказала размову дрэў сваім сябрам. Мы вырашылі, што ніколі не будзем крыўдзіць адзін аднаго. Трэба жыць у згодзе і ласцы. Гэтаму нас вучаць сасна і бяроза.
Вікторыя ЧЭРКАС
Любанскі раён, Стараюрковіцкая СШ