Музыка
Яшчэ не скончылася вайна, Чырвоная Армія толькі вызваліла Беларусь, калі ў нашым пасёлку адкрылі дзетдом. Жылі мы ў халодным каменным доме. Нас, выхаванцаў, па першым часе было мала: я – мне тады ішоў дванаццаты год, – дзве дзяўчынкі і сямігадовы Мішка.
Першыя дні нам было вельмі цяжка. Мы сумавалі па родным доме, хоць ведалі, што бацькі нашы загінулі… Займацца з намі нашай выхавальніцы Веры Паўлаўне асабліва не было калі: яна то гатавала нам ежу, то што-небудзь мыла, то прыбірала пакой…
Аднойчы, выгадаўшы вольную часіну, Вера Паўлаўна сабрала нас у зале, дзе стаяў стары раяль. Моўчкі, без ахвоты, акружылі мы выхавальніцу і чакалі. Амаль кожны з нас брынкаў ужо не раз на гэтым вялізным чорным інструменце. Вера Паўлаўна, седзячы на зэдліку, то падсоўвалася бліжэй да раяля, то адхіналася зноў назад, – відаць, хвалявалася.
І вось пачуліся першыя гукі. У мяне з’явілася такое адчуванне, быццам, глуха пагрымваючы, насоўваецца хмара… Раптам музыка стала мацнець, набіраць сілу, і перад маімі вачыма паўсталі карціны бою.
Мінуў нейкі час, і музыка стала мяняцца, гукі цішэлі, і тут раяль заспяваў тоненька і далікатна. Здавалася, нарадзіўся праменьчык, а потым як быццам узышло сонца, яркае, прамяністае. І ад музыкі, якая цяпер гучала, было так хораша на душы, нібы я апынуўся на квяцістым, духмяным лузе: хараство поўніла маю душу.
А дзяўчынкі прытуліліся адна да адной, абняліся і за ўвесь час нават не паварушыліся. І Мішка таксама. Галава ў яго была высока паднята, а ў вачах – святло радасці. Калі ж музыка сціхла, нам не хацелася нікуды ісці адсюль.
З таго часу мы збіраліся ў вольны час сваёй сямейкай каля раяля, што парадніў нас, і прасілі Веру Паўлаўну пайграць.
Мікола КОРЗУН