У Макаркі макароны
Вторник, 11.03.2014 16:12. Рубрика: Вершы
Еў Макарка макароны,
Еў дый кідаў у бакі:
– Макароны, макароны
Ды не з маку ж, а з мукі!..
Мухі тут жа наляцелі,
Дружна ўголас завялі:
– Муха-роны, муха-роны,
Мухароны мы знайшлі.
Козы ж мэкаць пачалі:
-Мэ-ка-роны, мэ-ка-роны…
Падхапілі бараны:
– Бэ-ка-роны, букі-роны,
Ну і смачныя ж яны!
Тут Макар падбег да мамы:
– Мама, ты абарані!
Мухі, козы, бараны!
Досыць вашае маны,
Бо мае ўсе тут яны –
Мэка-, мыка-, муха-…
Як ні тужыцца бядак,
Ды не вымавіць ніяк
Тое слова “макароны”,
Нібы ўраз яго вароны
Дзесьці ў поле паняслі.
Колькі жаху ды трывогі
Дома ўсе перажылі
Толькі з мамінай падмогі
Слова ў роце ледзь знайшлі:
Ма-ка-ро-ны, ма-ка-ро-ны.
Ты, Макар, больш макароны
Не раскідвай па зямлі!
Анатоль Клышка










