Снежны чалавек у Беларусі
Увага! У Беларусі пасяліўся Снежны чалавек! Харчуецца казіным малаком. Лагодны. Сустракаючы дзяцей, цягне іх да сябе ў пячору – пазнаёміць са сваім дзядулем, які выразае з дрэва фігуркі соваў. Частуе супам з чарніц і шышак. Размаўляе на шведскай, французскай, польскай, а цяпер – і на беларускай мовах. Мае двух сяброў – Макса і Уна. Але не супраць пазнаёміцца і асабіста з табой! Як? Варта толькі ўзяць у рукі кнігу “Снежны чалавек” шведскай пісьменніцы Эвы Сусы і французскага мастака Бенджаміна Шо – і можна апынуцца сярод сяброў гэтай незвычайнай істоты.
Кніжка-карцінка, любімая дзецьмі Швецыі, Францыі, Польшчы, цяпер выдадзена і ў Беларусі, а Эва Суса нядаўна прыязджала ў Мінск. На сустрэчах з беларускімі чытачамі пісьменніца раскрыла шмат сакрэтаў з жыцця Снежнага чалавека. У тым ліку паведаміла, што ён нарадзіўся 23 лістапада. Што цікава, падарункі на свой дзень народзінаў Снежны чалавек прымае да 23 чысла кожнага месяца. Так што і вы можаце праз часопіс “Вясёлка” павіншаваць яго. Аўтара самага цікавага і незвычайнага падарунка рэдакцыя ўзнагародзіць кнігай “Снежны чалавек”.
Алена Масла