Мірскі замак
Адным з галоўных сімвалаў Беларусі, безумоўна, з’яўляецца Мірскі замак. Іначай і быць не можа. Скажы “Беларусь”, і адразу ўяўляецца ён – наш гонар і слава. Але такую пашану замак бясспрэчна заслужыў.
За тыя пяць стагоддзяў, што каля ракі Міранкі ўзвышаюцца магутныя муры Мірскага замка, чаго толькі не адбывалася! Гэта быў першы прыватны замак у Вялікім Княстве Літоўскім. Пачынаў яго ўзводзіць Юры Ільініч. Пасля Ільінічаў амаль дзвесце пяцьдзясят гадоў ім валодалі Радзівілы. Многія з прадстаўнікоў гэтых родаў упрыгожвалі і ўдасканальвалі замак, робячы яго ўнікальным і непаўторным. Тут можна сустрэць архітэктурныя стылі розных эпох. Цягам стагоддзяў ставала і войнаў, пасля якіх не аднойчы даводзілася адбудоўваць замак.
У дзевятнаццатым стагоддзі ён пераходзіў у валоданне Вітгенштэйнаў, пасля – Святаполк-Мірскіх… Імёны многіх знакамітых асоб гучаць тут і сёння. Войны, разбурэнні – і ўрэшце аднаўленне!.. Рэстаўрацыя Мірскага замка завяршылася два гады таму.
Сказаць, што замак любяць турысты – гэта нічога не сказаць. У выхадныя і святочныя дні тут яблыку няма дзе ўпасці. З усіх куткоў Беларусі і з розных краін – блізкіх і далёкіх – прыязджаюць сюды тыя, хто на свае вочы жадае пабачыць, што ж такое беларуская культура, гісторыя, дойлідства…
Збудаваны замак у выглядзе квадрата. Даўжыня сцен – 75 метраў. Над імі ўзвышаюцца чатыры вежы. Пятая, брамная, месціцца ў цэнтры галоўнага фасада. Яна глядзіць на дарогу, якая скіравана ў бок старажытных Наваградка і Вільні. Магутныя пяціпавярховыя вежы ўзносяцца ўгору на 25 метраў. На кожным з ярусаў – байніцы, з якіх вялі агонь па ворагу. У цэнтральнай вежы была яшчэ і капліца.
У вежах наведвальнікі падымаюцца стромымі і вузкімі вінтавымі сходамі, дзе нават адзін абаронца мог затрымаць цэлы полк. Пасля нялёгкага, пакручастага шляху можна прагуляцца і па абарончых галерэях. А з вышыні вежаў, калі зірнуць у байніцы, раскрыецца панарама самога мястэчка з яго бажніцамі і старасвецкімі камяніцамі. Сярод дрэваў старога парку – дзівосная ўсыпальніца Святаполк-Мірскіх ды люстэрка замкавай сажалкі.
У цэнтры дзядзінца – студня, без якой ніякая абарона немагчымая. А ў паўночнай і ўсходняй частках знаходзіцца трохпавярховы палац. Пад ім – глыбокія сутарэнні, дзе захоўваліся прыпасы на тры гады абароны. Вышэй ідуць жылыя памяшканні, дзе наведвальнік будзе ўражаны багаццем інтэр’ераў з каляровымі печамі, выкладзенымі кафляй, разьбянымі шыкоўнымі столямі, партрэтамі ўладальнікаў, сярэднявечнымі строямі… Старажытныя габелены і карціны, зброя, дакументы і многае іншае нібы пераносяць цябе ў тыя часы, калі ў замку жылі прыгожыя паненкі і адважныя рыцары. А колькі паданняў і легендаў можна пачуць у гэтых мурах! Пра прыгажуню Стэфанію Радзівіл, пра абярэг замка – каменную галаву барана, умураваную ў сцяну… Той, хто ўпершыню пабываў у Мірскім замку, абавязкова захоча сюды вярнуцца.
Тут штогод з’яўляецца нешта новае. Рэстаўруюцца і адчыняюцца для турыстаў новыя аб’екты. Мірскі замак гасцінна сустракае ўсіх, асабліва дзетак. А як прыгожа пасля дажджу выглядае вясёлка па-над старажытнымі мурамі!.. Прыязджайце – не пашкадуеце.
ПЫТАННІ
- Рогі якой знакамітай вымерлай жывёлы можна пабачыць у адной з залаў замка?
- У якім раёне і якой вобласці знаходзіцца Мірскі замак?
- Як называлася ў Беларусі цэгла, з якой будавалі замак?
Яраш Малішэўскі