Кветкі і кветкаводы
Аздабленнем вясновага лесу, калі і зеляніны яшчэ няма, з’яўляюцца лясныя кветкі. На высокіх сцяблінках відаць белыя кветачкі, якія людзі называюць падснежнікамі, таму што яны паказваюцца, калі і снег яшчэ часам не зусім знік. А за імі прыходзіць час пралесак, прыгожых сіне-фіялетавых кветак, якія густа ўсцілаюць зямлю пад дрэвамі і на сонечных лясных пагорках, і ў прагалінах між суровых зялёных ялін. За імі сціплыя белыя падснежнікі робяцца амаль незаўважнымі. Разам з пралескамі зацвітаюць і лясныя фіялкі, пяшчотныя сіне-ліловыя кветачкі, якія растуць сямейкамі, як і пралескі. На гэтым сіне-фіялетава-ліловым фоне каралямі выглядаюць ландышы, большыя ростам, з доўгімі сакавітымі зялёнымі лістамі, між якіх на сцяблінах нанізаны, быццам пацеркі, круглыя шарыкі белых ландышавых кветак. Ды і водар ландыша нашмат мацнейшы за тонкі пах пралесак і фіялак. Крыху пазней з’явяцца і ключыкі – невялікія кветкі, сабраныя наверсе сцяблінак парасончыкамі, бледна-ліловыя, жоўтыя ўсярэдзіне.
Людзі любяць лясныя кветкі за іх сціплую прыгажосць. Але і лясныя рыжыя мурашкі таксама іх любяць, асабліва фіялкі. Праўда, цікавяць яны іх, калі на фіялках пасля цвіцення з’яўляецца насенне. Зярняткі фіялак схаваны ў кропельках густога салодкага фіялкавага соку. Вось дзеля гэтага соку, якім любяць ласавацца мурашкі, яны і разносяць навыперадкі насенне фіялак навокал. Сок мурашкі абсмоктваюць, а самі зярняткі пакідаюць на зямлі, і з іх наступнаю вясною на месцы старой фіялкі вырастае цэлая сямейка новых. Ну чым не кветкаводы гэтыя рыжыя лясныя мурашкі?
Алесь ЖУК










