Ножкі Сараканожкі
Збіралася неяк з раніцы Кацярынка ў садок. Маечку знайшла – апранула. Сукенку знайшла – апранула. Сандалікі знайшла… А панчошак знайсці не можа. Ходзіць па пакоі, шукае, а дзядуля за ёй цікуе ды раптам пытаецца:
– То, можа, у цябе і не было панчошак?
– Былі, дзядулечка, былі! – кажа Кацярынка. – Я іх сама ўчора з вечара падрыхтавала ды некуды паклала… А яны ну як скрозь зямлю праваліліся.
Усміхнуўся дзядуля ды кажа:
– То, можа, іх Сараканожка забрала?
– Якая Сараканожка? – здзіўлена паглядзела на дзядулю Кацярынка.
– А тая Сараканожка, – не міргнуўшы вокам, адказаў дзядуля, – што раней была Бязножкай. Ты шукай, шукай свае панчошкі ды слухай.
– Слухаю, дзядулечка, слухаю, – зацікавілася Кацярынка.
– Не ведаю, праўда гэта ці не, – пачаў свой аповед дзядуля, – але адбылася гэта гісторыя ў той даўні час, калі нават чарвякі ды слімакі ножкі мелі. У адной толькі Бязножкі не было ніводнай ножкі. Чаму? Не ведаю, – прыкмеціўшы цікаўны позірк Кацярынкі, сказаў дзядуля. – У чарвякоў было па тры ножкі. Смешна чарвякі хадзілі: пярэднія ножкі – тэп-тэп, а задняя – скок, пярэднія – тэп-тэп, а задняя – скок! У слімакоў было ажно па восем ножак.
– Ого! – здзівілася Кацярынка.
– А Бязножка кулялася з хваста на галаву, з галавы на хвост. Цяжка ёй даводзілася. А з яе яшчэ пацвельвалі, нібыта яна свае ножкі згубіла. Дык вось, аднаго разу гулялі чарвякі і слімакі на лугавінцы. Бегалі навыперадкі. Адно аднаго даганялі, скакалі… Ды так натаміліся, што паадкідвалі свае ножкі хто куды і пачалі поўзаць ды рагатаць. Даспадобы ім быў такі адпачынак. А потым наважыліся ўсе гуляць у хованкі. Чарвякі і слімакі мусілі хавацца, а Бязножка іх шукаць. Гуляць дык гуляць. Папаўзлі чарвякі ды слімакі хавацца, а Бязножка сабрала ўсе ножкі, у радок паставіла. Пачала цікаваць – куды ўсе падзеліся. Лежма ж нічога не відно. Вось Бязножка і ўстала на свой хвост, каб болей бачыць. Ды раптам як паслізнецца, як паваліцца! Акурат на сабраныя ў радок ножкі. А тым надакучыла проста так у радочку стаяць. Яны да Бязножкі прычапіліся ды як пабягуць… Бязножка іх спыніць не можа. Ды, па шчырасці, і не хоча. Вой, як хораша на ножках бегчы! Куляцца не трэба. І стала з таго часу Бязножка звацца Сараканожкай. Вось я і мяркую, можа, твае панчошкі Сараканожка знайшла ды сабе забрала. Ёй жа вунь колькі панчошак трэба.
– Сорак! – кажа Кацярынка.
– Чаму сорак? Трыццаць восем, – не пагаджаецца дзядуля, – дзве твае панчошкі ў яе ўжо ёсць.
– А вось і не! Мае ў мяне! Вось яны! – трымаючы ў руках панчошкі, радасна ўсклікнула Кацярынка. – Яны на ложку ляжалі, я даўно іх знайшла.
– Ну то нацягвай панчошкі на ножкі ды сандалі абувай хутчэй. Познімся.
– А як жа чарвякі ды слімакі? – пытаецца Кацярынка.
– Чарвякі да гэтага часу ножкі свае шукаюць. Думаюць, што яны, як ты казала, нібы скрозь зямлю праваліліся. Таму і корпаюцца ў зямлі. Ножкі свае шукаюць… А пра слімакоў я табе ўвечары распавяду. Калі цябе забіраць прыйду.
Леанід УЛАШЧАНКА