Паэту Міколу ЧАРНЯЎСКАМУ – 70 гадоў
Мікола Чарняўскі. З гэтым імем сустракаўся, бадай што, кожны чытач “Вясёлкі”, бо вершы паэта можна знайсці ў многіх школьных падручніках па беларускай літаратуры. Невыпадкова Мікола Чарняўскі ўганараваны Літаратурнай прэміяй імя Янкі Маўра – класіка беларускай дзіцячай літаратуры.
А свае першыя вершы паэт убачыў у “Вясёлцы” яшчэ тады, калі вучыўся ў школе. Працяглы час ён і працаваў у нашым часопісе. Друкаваў свае творы, а таксама клапатліва рыхтаваў да друку вершы і казкі паэтаў і празаікаў з усёй рэспублікі. Ды і зараз, ужо на пенсіі, ён часта завітвае ў “Вясёлку”, з’яўляецца членам яе рэдакцыйнай калегіі.
16 студзеня Мікола Чарняўскі адзначыць сваё 70-годдзе. “Вясёлка”, а разам з ёй і чытачы часопіса зычаць юбіляру моцнага здароўя, добрага настрою, заўсёднага натхнення і новых кніжак.