Як стварыць спектакль?
Сябры, выканайце цікавае заданне: сярод прапанаваных ніжэй радкоў з асобнымі літарамі знайдзіце тэатральныя словы.
ТАСПЕКТАКЛЬ ЭРСТГЛЯДАЧ
АДЖУП’ЕСА ТОДЗСЦЭНА
Справіліся з заданнем? Малайцы!
А зараз адкажыце на пытанні. Ці любіце вы хадзіць у тэатр? Чаму? Якія тэатры працуюць у нашай краіне? Успомніце назвы спектакляў, якія вы глядзелі. Як называюцца людзі, якія выконваюць ролі ў спектаклі? Людзі, якія глядзяць спектакль? Апішыце, як выглядае тэатральная афіша.
Прапануем вам яшчэ адно заданне. Выберыце ваш любімы мастацкі твор, яшчэ раз уважліва прачытайце яго, вызначце яго галоўную думку. А затым паспрабуйце ўявіць сябе рэжысёрам, які на сцэне ставіць спектакль. Падумайце, якую назву будзе мець п’еса, вылучыце са зместу выбранага вамі твора вобразы-персанажы, іх дыялогі і асобныя рэплікі, распрацуйце дэкарацыі і касцюмы для герояў, падбярыце музычнае суправаджэнне. Пафантазіруйце, і вы ўбачыце ў свой спектакль.
І не забудзьцеся стварыць афішу да спектакля. На вялікім аркушы паперы напішыце назву вашага спектакля, дату і час, калі ён адбудзецца. Упрыгожце афішу малюнкамі з выявамі герояў ці найбольш цікавымі сцэнамі. Упэўнены: падрыхтаваны вамі спектакль абавязкова спадабаецца і дзецям, і дарослым, якіх вы запросіце на прэм’еру. А сцэнарыі вашых спектакляў разам са здымкамі дасылайце на адрас рэдакцыі ці нашу электронную пошту. Мы абавязкова размесцім іх на нашым сайце. Поспехаў вам!
Ірына Буторына