Крышку пра кніжку
“Таташ Яраш, мамана Аксана і дачэта Альжбэта. Поўны эксклюзіў: гісторыі з-пад фіялетавага парасона” – так называецца новая кніга пісьменніцы Аксаны Спрынчан. Пра што ж апавядае кніжка з такой незвычайнай назвай? Адказ вельмі просты: пра сям’ю, у якой усе жывуць у рыфму. І сапраўды, у гісторыях з-пад фіялетавага парасона, сабраных у кнізе, багата і рыфмаў, і гульняў (у словы і са словамі), і проста вельмі карысных парадаў ад парадысткі дачэты Альжбэты. Кніжка складаецца з шэрагу вясёлых і займальных аповедаў. Прычым дзеліцца імі зусім не мамана Аксана, як можна спачатку падумаць, а менавіта дачэта Альжбэта. Кніга вучыць углядацца і ўслухоўвацца ў беларускія словы, знаходзіць у іх схаваныя, а часам і нечаканыя сэнсы і сугуччы. А яшчэ дзякуючы ёй можна навучыцца гуляць у вельмі цікавыя гульні. Напрыклад, “шукаць словы ў словах”, рыфмаваць імёны, а калі ў вас раптам надарыцца дрэнны настрой і ў галаву будуць прыходзіць толькі невясёлыя рыфмы – дачэта Альжбэта разам з маманай Аксанай падкажуць выйсце і з гэтай сітуацыі.
Словам, новая кніга Аксаны Спрынчан не толькі цікавая, але і карысная. Кожны чытач можа стаць яе суаўтарам, даслаўшы на электронны адрас дачэты Альжбэты гісторыі пра сваю поўна-эксклюзіўную сям’ю.
Кніжка адметная і мастацкім афармленнем. Цудоўныя ілюстрацыі да яе падрыхтавала дванаццацігадовая мастачка Воля Барай.
Кніга выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”.
Святлана БОГУШ