Да 100-годдзя з дня нараджэння пісьменніка Сяргея ГРАХОЎСКАГА
У верасні спаўняецца сто гадоў з дня нараджэння выдатнага беларускага пісьменніка Сяргея Іванавіча Грахоўскага.
У залатой скарбонцы айчыннай літаратуры засталося шмат яго цудоўных кніг паэзіі, прозы, мастацкіх перакладаў. А яшчэ ёсць адна надзвычай сонечная старонка – творы, напісаныя для вас, якія не адно дзесяцігоддзе друкаваліся ў часопісе “Вясёлка”.
У “Вясёлцы” Сяргей Іванавіч не проста друкаваўся, а яшчэ і працаваў літаратурным рэдактарам з 1960 па 1973 год. Тагачасныя вершы складаліся ў кнігі “Ад вясны да вясны”, “Сёння і заўжды”, “Гарыць касцёр”, “Сонечная сцежка”, “Знаходка” і іншыя, якія падабаюцца і сучасным чытачам.
Уважліва ўчытайцеся ў радкі Сяргея Грахоўскага, і ён абавязкова стане адным з самых любімых вашых беларускіх пісьменнікаў
Раіса Баравікова