Вершы Ніны МАЦЯШ
– Буслік, буслік, ты куды?
– Уцякаю ад бяды.
Жабіна малота
Гоніць прэч з балота:
Жабак, можа, з дзвесце,
Хочуць мяне з’есці!
Я ўжо й сам не рады,
Што стаптаў іх грады.
Агеньчык
На акне маім вазон,
“Агеньчыкам” завецца ён.
Я вазон той даглядаю,
Пыл сціраю, паліваю.
І расце ён, і расце,
Аж палае – так цвіце!
Кветкі, як жарынкі,
Гараць на ўсіх галінках.
І дома ўсе, і з вуліцы
“Агеньчыкам” любуюцца.
Заўтра гэтую красу
Я бабулі аднясу:
Каб святлей жылося ёй,
Падару “агеньчык” мой.
На кірмаш
Па сцяжынцы слімачок
Цягне-валачэ дамок.
А ў дамку сядзіць камар,
Ён ахоўвае тавар:
Кропельку расіны
Ды нітку павуціны.
Некаму на кірмашы
Яны будуць да душы!
Максюня
Ах, які ён слаўны,
Наш Максюня-кот:
З Леськаю так спраўна
Водзіць карагод!
І пяе дзяўчынцы,
І курэй пасе,
І ў рабой хусцінцы
Лесі сон нясе.