Урок 13. Класная гадзіна
Пры падрыхтоўцы класных гадзiн можна выкарыстаць разнастайныя творы пра сяброўства, узаемадапамогу, школьнае жыццё. Багаты часопiс i на смяшынкi, жарты i комiксы.
Адпачыць жа таксама трэба! У часопiсе «Вясёлка» надаецца ўвага i здароваму ладу жыцця.
Уладзiмiр Дзюба «Хто мяне дагонiць?»
Надзяю хутчэй канькi
I да рэчкi – нацянькi.
Там празрысты звонкi лёд,
Там вясёлы карагод.
Я размахваю рукамi.
Я паблiскваю канькамi.
Быццам вецер,
Разганюся,
Закручуся,
Развярнуся.
Лед іскрыцца, звоніць.
Хто мяне дагоніць?
А яшчэ можна знайсцi ў «Вясёлцы» творы, якiя нагадаюць дзецям пра правiлы бяспекi, а настаўнiку дадуць матэрыял для правядзення заняткаў па навучаннi мерам бяспекi.
А што рабiць пасля ўрокаў? Адпачываць з карысцю!
Калi ўрокi скончаны, разам з вучнямi можна прыдумаць разнастайныя формы пазакласнай работы. Шмат карыснага i цiкавага прапануе часопiс «Вясёлка». Вясёлыя КВЗ i вiктарыны, вусныя часопiсы i завочныя падарожжы – гэта толькi некалькi магчымых пазакласных заняткаў. Спынiмся на некаторых з iх.
1. Карагод пораў года
Гэта пазнавальная гульня арганiзуецца на аснове ведаў дзяцей пра поры года. Часопiс «Вясёлка» друкуе шмат твораў, прысвечаных розным порам года. Праводзяцца таксама конкурсы для чытачоў (напрыклад, скласцi апавяданне да малюнка на вокладцы № 4\2008).
Асноўныя мэтавыя ўстаноўкi гульнi: развiццё пазнавальнай актыўнасцi, стварэнне сiтуацыi, у якой кожны вучань можа праявiць свае веды – сiтуацыi поспеху, падтрыманне i замацаванне сяброўскiх адносiн у класе. Падчас падрыхтоўкi дзецi аб’ядноўваюцца ў творчыя групы па колькасцi пораў года. Можна пры фармiраваннi груп улiчваць дзень нараджэння дзяцей – аб’яднаць iх у групы па пары свайго нараджэння.
Задача групы – маляўнiча прадставiць сваю пару года (можна падрыхтаваць малюнкi, аплiкацыi, iншыя вырабы). На падрыхтоўчым этапе кожная група прыдумвае сабе паэтычную назву, развучвае вершы, песнi i танцы. Перад пачаткам гульнi праводзiцца конкурс-выстава творчых вырабаў вучняў на тэму «Мая любiмая пара года». Кожная група афармляе частку памяшкання. Восень можа ўпрыгожыць клас рознакаляровымi лiстамi дрэў, пацеркамi з рабiны ці жалудоў. Зiма – сняжынкамi, лапкамі елкi. Лета – малюнкамi i фотаздымкамi на тэму летняга адпачынку. Вясна – малюнкамi веснавых кветак.
Вучнi кожнай групы па чарзе расказваюць, за што яны любяць сваю пару года, пералiчваюць каляндарныя святы, чытаюць вершы, казкi, адгадваюць загадкi. У канцы гульнi робiцца выснова: усе поры года па-свойму добрыя i патрэбныя.
Кандрат Крапiва «З Новым годам!»
Год за годам – карагодам,
I ўжо сёння з Новым годам
Я сардэчна ад душы
Вас вiншую, малышы!
А чаго я вам жадаю?
Зараз, зараз прыгадаю…
Каб бадзёрымi былi вы,
Каб разумнымi раслi вы,
Каб прынёс вам Новы годМнога радасных прыгод
I здароўя ў вашы хаты, –
Каб былi здаровы самi,
Каб здаровы былi мамы,
Каб былi здаровы таты,
Каб не ведалi напасцi.
Каб i я за вас быў рад.
З Новым годам!
З новым шчасцем!
Вас вiншуе дзед Кандрат.
У рубрыцы «Каляндар Васi Вясёлкiна» часопiс прапануе паразважаць пра народныя прыкметы. Можна даць заданне дзецям:
«Праверце народныя прыкметы»:
Жаваранкi прылятаюць – вясна пачынаецца.
Якiя ручаi, вялiкiя цi малыя, – такая i паводка.
Сакавiцкая вада – гаючая: ёю мыюцца ад вяснушак.
Сабака вiляе хвастом – добры госць прыйшоў.
Зорная ноч – на шчодрую расу.
Пчолы не вылазяць з вулляў – на туман.
Дзе вярба – там i вада.
У небе маладзiк – рыба добра клюе.
Многа мошак – рыхтуй на грыбы кошык.
Дым узнiмаецца слупам – на мароз.
Туманны круг вакол сонца – на завiруху.
Поўня светлая i чыстая – на добрае надвор’е.
Гром на голы лес – вясна халодная.
Дождж на Дабравешчанне – ураджай на жыта, грыбное лета.
2. Размова птушак i звяроў
Задачы гульнi: вучыць дзяцей уважлiва прыглядацца да навакольнага асяроддзя, бачыць тое, што мае патрэбу ў ахове i абароне. Дзецi рыхтуюць паведамленнi пра звяроў i птушак, падмацаваныя вершамi i апавяданнямi з часопiса «Вясёлка». Гульня праводзiцца ў выглядзе сходу, на якiм выступаюць прадстаўнiкi жывёльнага свету. Яны расказваюць, якую карысць прыносяць, нагадваюць пра беражлiвае стаўленне да прыроды.
Валянцiна Коўтун «Кнiга Белавежы»
Памiж дрэў – дыван куп’я,
Тут – звярыная сям’я. Бацька– зубр на мох прылёг,
Аб пянёк пачухаў рог:
– Што ж, сынок,
У добры час,
Рушыць трэба ў першы клас!
Бавiць час табе даволi,
Вучаць у Пушчанскай школе,
Хто твой сябар, хто чужы,
Як сумленна трэба жыць…
А падручнiк самы лепшы –
Гэта кнiга Белавежы!
3. Экалагiчны прэс– цэнтр
Вучнi зачытваюць урыўкi твораў «Вясёлкi» пра тое, як дзецi i дарослыя ўдзельнiчаюць у экалагiчным руху, пасадцы дрэў, падтрыманнi чысцiнi лясоў i рэк. Каб занятак прайшоў паспяхова, настаўнiкi цi бацькi дапамагаюць дзецям у адборы матэрыялу. Пры падвядзеннi вынiкаў пажадана, каб дзецi адказалi, што яны самi робяць дзеля паляпшэння экалагiчнай сiтуацыi свайго горада цi вёскi.
4. Вечар разгаданых i неразгаданых таямнiц
Вучнi ўважлiва чытаюць часопiс «Вясёлка» за пэўны перыяд, асаблiва яго рубрыкi «Наша спадчына», «Музей «Вясёлкi». Потым настаўнiк задае праблемныя пытаннi па прачытаным, а дзецi адказваюць на iх, разважаюць, прыводзячы доказы з часопiса.
5. Эстафета любiмых заняткаў
Мiжпрадметныя сувязi дапамагаюць вучням лепш запомнiць i замацаваць вучэбны матэрыял. «Вясёлка» вучыць дзяцей ствараць цiкавыя вырабы з паперы i кардону, прыгожа афармляць падарункі i сувенiры. У пазакласны час вучнi раскажуць пра свае любiмыя заняткi i прадэманструюць, якiя яны майстры.
6. Свята карысных прафесiй
Чытаючы часопiс, дзецi павiнны адшукаць у творах аўтараў «Вясёлкi» назвы прафесiй i апiсанне працы людзей розных прафесiй.
Затым праводзiцца конкурс на самага ўважлiвага i адукаванага знаўцу прафесiй. Можна прапанаваць i iншае мерапрыемства, на якiм вучнi будуць знаходзiць i чытаць творы з «Вясёлкi» пра розныя прафесii.
Уладзiмiр Лiпскi «Умею – не ўмею»
Споведзь
Спытаў дзед унука:
– Што ўмеюць твае рукi? Што «зварыла» галава за твае гады
жыцця?
Антонiк змоўк, задумаўся, пасур’ёзнеў ураз i даў такi адказ:
– Умею ўсе словы гаварыць,
Не ўмею кашу варыць.
Умею пазiраць на неба,
Не ўмею адрэзаць хлеба.
Умею есцi грушы,
Не ўмею мыць вушы.
Умею лопаць апельсiны,
Не ўмею купляць iх у магазiне.
Умею катацца з горкi,
Не ўмею лiчыць зоркi.
Умею схапiць камара за нос,
Не ўмею злавiць муху за хвост.
Умею хавацца за сланамi,
Не ўмею трымаць язык за зубамi.
Умею ў халадзiльнiк лазiць,
Не ўмею з сястрычкай ладзiць.
Умею тэлевiзар глядзець,
Не ўмею за сталом сядзець.
Умею хрумстаць цукеркi,
Не ўмею карыстацца сякеркай.
Умею ў цырк хадзiць,
Не ўмею траву касiць.
Умею казкi выдумляць,
Не ўмею iх запiсаць.
Умею робатаў маляваць,
Не ўмею iх у космас запускаць.
Умею ў хаце вэрхал учыняць,
Не ўмею ключом дзверы адчыняць.
Умею талеркi мыць,
Не ўмею гузiка прышыць.
Умею спаць уначы,
Не ўмею ад пчол уцячы.
Умею з дзецьмi сябраваць,
Не ўмею задачы рашаць.
Умею трымаць рыбу ў руцэ,
Не ўмею плаваць у рацэ.
Умею да дзесяцi лiчыць,
Не ўмею без мамы i таты жыць…
Слухаў дзед, усмiхаўся i зрабiў такi прысуд:
– Хвалю, Антонiк, ты стараўся! Што ўмееш – проста цуд. I вельмi
радуе мяне – няўмельствы ведаеш свае.
Аляксей Пысiн «З чаго чалавек пачынаецца»
З чаго чалавек пачынаецца?
У калысцы ён калыхаецца.
А пакiдае калыску, –
Бярэцца за лыжку i мiску.
Добра трымаючы лыжку,
Глядзець пачынае ў кнiжку.
Што яшчэ возьмеце ў свеце, –
Скажаце, як падрасцеце.
7. Падарожжа па старонках «Вясёлкi»
Вучнi падзяляюцца на некалькi груп па iнтарэсах. Потым настаўнiк цi вядучы задае пытаннi пра гiсторыю часопiса, яго рубрыкi. Вучнi могуць карыстацца часопiсам падчас гульнi дзеля абгрунтавання свайго адказу.
Прыклады пытанняў:
– У якой рубрыцы «Вясёлкi» друкуюцца звесткi пра гiсторыю нашай краiны? («Наша спадчына», «Я тут жыву»).
– Да якой рубрыкi вы раiце звярнуцца чытачам, якiя хочуць даведацца пра новыя кнiгi для дзяцей? («Крышку пра кнiжку»).
– На чытанне якiх твораў вы настройваецеся, калi чуеце назву «Хвiлiнкi-весялiнкi»? (Вясёлых, займальных).
– У якiх конкурсах могуць паўдзельнiчаць творчыя дзецi? («Люблю Беларусь», «Самая дарагая рэч у вашай сям’i»).
8. Лiтаратурная гасцёўня
Клас дзелiцца на некалькi груп. На працягу тыдня вучнi кожнай групы ўважлiва чытаюць часопiс i звяртаюць асаблiвую ўвагу на творы пэўных аўтараў (кожная група працуе з творамi аднаго аўтара). У вызначаны дзень i час групы па чарзе знаёмяць аднакласнiкаў з творамi гэтага аўтара, змешчанымi на старонках «Вясёлкi». Каб мерапрыемства прайшло больш цiкава, можна падрыхтаваць выставу малюнкаў да твораў.
9. Прэс-канферэнцыя з бацькамi: «Вясёлка» з намi з году ў год!»
Прэс-канферэнцыя праводзiцца ў форме ролевай гульнi. Сярод яе задач – абмен ведамi, развiццё ў дзяцей дапытлiвасцi, знаходлiвасцi. Да гульнi можна прыцягваць дарослых, старэйшых школьнiкаў. Пажадана, каб дарослыя госцi прынеслi з сабой нумары часопiса за мiнулыя гады i навучылiся выразна чытаць асобныя творы. Уласны добры прыклад бацькоў заўсёды робіць вельмi моцнае станоўчае ўражанне на дзяцей. Чаргаванне пытанняў i адказаў вучыць дзяцей весцi гутарку на пэўную тэму. Напрыклад, дзецi задаюць пытаннi, а бацькi адказваюць:
– Цi ведалi вы часопiс «Вясёлка», калi былi маленькiмi? Цi чыталi яго?
– Чым на ваш погляд адрознiваецца сучасная «Вясёлка» ад часопiса мiнулых гадоў?
– Цi ведаеце вы iмя галоўнага рэдактара часопiса? Хто быў першым рэдактарам «Вясёлкi»?
Каб пазбегнуць хуткага стамлення i страты iнтарэсу, можна загадзя падрыхтаваць некалькi песень, смяшынак, жартоўных гульняў (iх таксама можна знайсцi ў часопiсе).
10. Бiлет у краiну ветлiвых людзей
Праводзiцца з мэтай сiстэматызацыi i пашырэння ведаў дзяцей пра ветлiвасць, правiлы паводзiн i выпрацоўку ў iх адпаведных практычных дзеянняў. Падрыхтоўка да мерапрыемства пачынаецца са з’яўлення ў класе канверта, у якiм дзецi знаходзяць адрасаванае iм пiсьмо, у якiм Вася Вясёлкiн просiць вучняў паўтарыць правiлы ветлiвасцi з дапамогай часопiса «Вясёлка». Затым на працягу тыдня дзецi вучаць цi iнсцэнiруюць вершы i песнi з часопiса. Занятак пачынаецца з конкурсу, хто з дзяцей ведае больш ветлiвых слоў. Затым кожны з вучняў пад апладысменты аднакласнiкаў выходзiць да дошкi (цi на сцэну, калi гульня праводзiцца ў актавай зале) i выразна чытае на памяць верш з «Вясёлкі» на тэму ветлiвых узаемаадносiн памiж людзьмi. У часопiсе звычайна кожны твор афармляецца прыгожымi малюнкамi. Таму чытаць вершы вучнi могуць трымаючы часопiс у руках. Кожны з маленькiх артыстаў атрымлiвае маляўнiча аформлены «бiлет у краiну ветлiвых людзей». Робiцца выснова, што ветлiвасць дапамагае людзям жыць, працаваць i сябраваць.
Можна прыгадаць цудоўнае выказванне Янкi Маўра («Вясёлка» № 5\2008): «Сяброўства – вялiкая справа. Яно не церпiць несумленных, баязлiвых людзей. Не церпiць сяброўства зазнаек, якiя паважаюць толькi сябе. Не церпiць таму, што сяброўства – вялiкi абавязак, якi ўскладзены на чалавека».
11. Вясёлкавы сшытак
Не сакрэт, што дзецi не заўсёды з ахвотай робяць урокi. Яны могуць маляваць, нешта майстраваць, каб адцягнуць час падрыхтоўкi да заняткаў. А што калi прапанаваць дзецям завесцi асобны сшытак i пiсаць у iм рознакаляровымi алоўкамi, ручкамi цi фламастарамi? Што пiсаць? Тыя вершы, загадкi, скорагаворкi, лiчылкi i iншыя творы, якiя больш спадабалiся сярод твораў «Вясёлкi». Пры гэтым дзецi яшчэ раз папрактыкуюцца ў калiграфii, будуць развiваць мастацкi i чытацкi густ.
Нават на ўроку, папрацаваўшы з чарговым нумарам часопiса, можна адвесцi 10 хвiлiн, каб вучнi запiсалi ў свой «Вясёлкавы сшытак» твор, які больш за ўсё спадабаўся, абавязкова з пазначэннем імя аўтара. Калi даць волю фантазii, можна пераўтварыць звычайны сшытак у карысную кнiгу, у якой па раздзелах будуць сабраны лiтаратурныя творы. Iмi дзецi могуць карыстацца не толькi ў пачатковай, але i ў сярэдняй школе (вершы пра прыроду, пра сям’ю, пра школу; загадкi пра жывёл, птушак, школьныя прылады; смяшынкi i г. д.). Кожную старонку дзiця можа аформiць малюнкамi на свой густ, выбраўшы той ці іншы колер вясёлкi.
12. Кнiга пра пiсьменнiкаў
У гэты сшытак (якi, дарэчы, можна таксама весцi рознымi колерамi) дзецi будуць запiсваць любiмыя творы асобных аўтараў. Так, на старонках часопiса «Вясёлка» часта з’яўляюцца вершы М. Маляўкі, У. Мазго, Н. Галiноўскай, М. Чарняўскага, В. Лукшы, М. Пазнякова, У. Мацвеенкі i iншых аўтараў. Настаўнiк можа паказаць вучням узор вядзення такога лiтаратурнага сшытка (ён таксама спатрэбiцца вучням на ўроках пазакласнага чытання i ў сярэднiх класах школы).
13. Пытаннi з капелюша
Гэта цiкавы спосаб зразумець, што дзецi ведаюць, аб чым думаюць. «Пытаннi з капелюша» выпрацоўваюць не толькi кемлiвасць вучня, але i веданне праграмнага матэрыялу, i начытанасць, i кола засвоеных жыццёвых уяўленняў. Кожны ўдзельнiк гутаркi павiнен прадумаць пытанне па змесце пэўнага нумара часопiса, на якое ён просiць адказаць аднакласнiкаў, запiсаць на паперку. Усе паперкi складваюцца ў капялюш. У гульнi ўдзельнiчаюць дзве каманды. Яны абменьваюцца капелюшамi, па чарзе выцягваюць паперкi з пытаннямi, на якiя i адказваюць. Настаўнiк, бацькi цi старэйшыя вучнi ўважлiва слухаюць, ацэньваюць і дапаўняюць адказы. Пры гэтым улiчваецца, хто ведае больш, адказвае дакладна, зразумела, хто не разгубiўся i добрым жартам здолеў развесялiць усiх.
14. Гульня «Чароўнае кола»
Настаўнiк паведамляе вучням, што наперадзе падарожжа па неабсяжнай краiне Мовазнавii, якое адбудзецца разам з часопiсам «Вясёлка». На дошцы цi мультымедыйным экране намалявана вялiкае кола з 8 сектарамi. На iх карткi са схаванымi пакуль што на адваротным баку лiтарамi:
В – умоўнае скарачэнне слова «верш»,
К – казка,
А – апавяданне,
С – скорагаворка,
З – загадка,
Л – лiчылка.
Акрамя гэтага – сектар «музычная паўза» (зашыфраваны як скрыпiчны ключ) i сектар «жартоўная гульня» (усмешка).Клас таксама падзелены на 6 каманд, кожная з якiх рыхтавала да мерапрыемства творы аднаго з указаных жанраў i прынесла з сабою часопiсы з патрэбнымi тэкстамi. Прадстаўнiк кожнай каманды падыходзiць да кола i адкрывае адзiн з сектараў – паказваецца лiтара. Дзецi здагадваюцца, якi лiтаратурны жанр зашыфраваны. Затым слова даецца камандзе, якая рыхтавала выразнае чытанне твораў гэтага жанру. Гульня працягваецца, пакуль вучнi не папрацуюць з усiмi сектарамi кола. Робiцца выснова пра прыгажосць i багацце роднай мовы.
15. Конкурс «Букет вершаў для любай матулi»
Рыхтуючыся да мерапрыемства, дзецi рыхтуюць выраб з паперы над назвай «Я – мамiна кветачка». Пад кiраўнiцтвам настаўнiка з каляровай паперы выразаецца прыгожая кветка, а ў яе сярэдзiнцы дзiця малюе свой партрэт. У вызначаны час запрашаюцца мамы, а дзецi чытаюць вершы, быццам утвараючы незвычайны букет з вершаў, i дораць матулям свае падарункi. Вось некалькi вершаў, якiя цудоўна падыдуць да тэмы свята.
Паўлюк Прануза «Мамiны рукi»
Мамiны рукi самыя лепшыя:
Няньчылi, гушкалi, лашчылi першыя.
Мамiны рукi самыя добрыя,
Мамiны рукi самыя шчодрыя.
Мамiны рукi дужа руплiвыя,
Мамiны рукi заўсёды цярплiвыя.
Мамiны рукi самыя ветлыя,
Мамiны рукi самыя светлыя.
Васiль Жуковiч «Свята маё – мама»
Бог высокi табе
Даў мяне нарадзiць,
Мама.
Ты вучыла мяне
Гаварыць i хадзiць,
Мама.
Справядлiвым мяне
Прывучаеш ты быць,
Мама.
Мне з табою людзей
I Радзiму любiць,
Мама.
Маё першае слова ў жыццi –
Мама.
Першы мой падарунак – табе,
Мама.
Ты – сардэчнае свята маё,
Мама.
3 творы
беларуских письменникау