Уладзімір СКАРЫНКІН
Дзед і бабка
Да ляснога азярца,
У якое даць нырца
Так прыемна хлапчуку
Днём спякотным, за руку
Ўнука Васю дзед Міхай
Напрасткі вядзе праз гай
І тлумачыць, усёвед:
– Гэта – бабка, гэта – дзед.
– Бабка ж дома засталася, –
Голасна здзівіўся Вася. –
Дзед жа ты! І я з табой
Крочу сцежкаю лясной.
– Бабка – гэта грыб, а дзед, –
Усміхаецца ўсёвед, –
Лапушыстая расліна
Колкая, нібы шчаціна
У мяне на барадзе,
Як лянота нападзе
На дзядулю раніцой –
І няголеным твар мой,
Як той вожык, застанецца.
Дзед жартуе – ўнук смяецца.
Мушка-волат
Хоць маленечкая, мушка
Ўмее лётаць, як і птушка,
Ды нагадвае яна
І мядзведзя, і слана,
Бо ўсе месяцы зімой
Непрабудна спіцца ёй,
Як мядзведзю. А слана
Тым нагадвае яна,
Што маленькі хабаток
Даў ёй клапатлівы Бог.
Ды рабіць слана з яе
Нельга, жэўжыкі мае.
Падарунак
Імяніны бабы Валі
Мы сягоння святкавалі.
Руж букет і пакрывала
Мама ёй падаравала.
Я ж прынёс у падарунак
Ёй найлепшы свой малюнак
І ў гародчыку бабулі
Прапалоў граду цыбулі.