Як туман з лесу ўцякаў
Раным-раненька прачнуўся Зайчык Пагуляйчык у сваёй лясной хацінцы і выскачыў на палянку. Выбег – і моцна спалохаўся:
– А-я-ёй! – пачухаў за вухам. – А што ж гэта на свеце робіцца? Няма ні палянкі, ні дрэў, ні маёй любімай капустачкі. Суцэльная белая сцяна. Хто ж гэта замураваў нас тут?
Куды ні гляне – усюды белае малако. Падняў вочы ўгару, а неба таксама не відаць. Не прабіваецца праз белае покрыва Сонейка. А як жа без Сонейка будуць жыць тата з мамай, сястрычка, сябры? Як будзе расці смачная капуста пад арэхавымі кустамі?
Спалохаўся Зайчык Пагуляйчык, не ведае, як Сонейка ратаваць. Але на свеце ніколі не бывае так, каб дрэнна было адразу ўсюды. Там, угары, дзе жыла Вавёрка Вострае Вушка, ніякай белай сцяной і не пахла. Нават яркае Сонейка на ўсю моц свеціць. Разгулялася Вавёрка, варушыць вострымі вушкамі, круціць пушыстым хвосцікам. Радуецца. Вырашыла яна да Зайчыка апусціцца. Разам гуляць-забаўляцца весялей. Зірнула Вавёрка ўніз і ледзь з хваёвага сука не звалілася. Унізе не было ні Зайчыкавай хаткі, ні палянкі. Зусім-зусім нічога. А дрэвы сталі як бязногія – патанулі ў моры белага малака.
– За-а-айчы-ы-ык! Пагуля-а-айчы-ы-ык! – паклікала Вавёрка.
Не адказвае Зайчык, толькі рэха носіцца між высокімі верхавінамі. “Значыць, у бяду трапіў, – падумала Вавёрачка. – Трэба яго ратаваць. Але як?” Вырашыла яна патэлефанаваць Дзеду Усёведу. Ён шмат кніг чытае, пра ўсё на свеце ведае. Ён дапаможа. Дзед Усёвед узяў свой смартфон, увайшоў у Інтэрнэт, зірнуў туды, паглядзеў сюды і ўсё зразумеў. Ён патлумачыў Вавёрцы, што на Зайчыкаў лес апусціўся Туман. Ды не проста Туман, а самы сапраўдны мокры разбойнік – Туман Туманішча.
Дзед Усёвед параіў Вавёрцы знайсці ляснога прыгажуна Аленя Рагатага. Ён можа разбудзіць Вецер. А Вецер разгоніць Туман. Кінулася Вавёрачка на пошукі Аленя. А пакуль што эсэмэску яму паслала, расказала ўсё чыста, дапамогі папрасіла. А таго двойчы прасіць не трэба. З усіх ног кінуўся Алень на Зайчыкаву палянку, дзе Гарэза Вецер спіць. Бег так шпарка, што каля яго ажно малады Ветрык утварыўся. І адразу пачаў Ветрык з Туманам змагацца, выганяць яго на чыстае поле. Але цяжка маладому справіцца з вопытным Туманам. Аж тут нечакана прачнуўся Гарэза Вецер. Абняўся ён з маладым Ветрыкам і давай падымаць Туман з зямлі, адрываць яго ад дрэў і кустоў. Як ні супраціўляўся Туман Туманішча, а давялося яму ў чыстае поле паўзці. І адразу яркае Сонейка выглянула, пачало прыпякаць яму ў спіну. Зусім абяссілеў Туман, бегчы не можа.
Ператварыўся ён у дробныя кропелькі і бездапаможна на луг апусціўся. Паляжаў-паляжаў і зусім знік у густой траве. А на Зайчыкавай палянцы сапраўднае свята пачалося. Лясныя жыхары сваіх ратавальнікаў хваляць.
– Дзякуй Вавёрачцы Вострае Вушка! Гэта яна паклікала Сонейка, – кажа Зайчык Пагуляйчык.
– Не, не я. Дзеду Усёведу трэба дзякаваць, – адказвае Вавёрачка.
– Скажыце дзякуй Аленю Рагатаму, – раіць Дзед Усёвед.
– Не, не мне дзякуйце, а маладому Ветрыку, – не згаджаецца Алень.
– Я тут ні прычым, – адказвае Ветрык. – Гэта Гарэза Вецер Туман прагнаў.
– А каб не Вавёрка Вострае Вушка, то і я спаў бы, і Алень не прыбег бы на палянку, і Сонейка не прабілася б праз Туман. Так што дзякаваць трэба ёй, – раіць Гарэза Вецер.
– А давайце падзякуем усім, – прапанаваў Зайчык Пагуляйчык. – Без нашага сяброўства і ўзаемнай дапамогі не справіліся б мы з Туманам.
Да самага вечара цікавала Сонейка за палянкай Зайчыка, дзе не спыняліся вясёлыя забавы.
Вось бачыце, як на свеце бывае. Таму, калі вы нечага не ведаеце, адразу звяртайцеся да Дзеда Усёведа. Ён абавязкова дапаможа.
Ад Вясёлкіна заданне – адкажыце на пытанне:
Чаму ўзнікае туман?
Дасылайце адказы на адрас рэдакцыі. Першы з вас, хто правільна адкажа на пытанне, атрымае кнігу Анатоля Бутэвіча з аўтографам, а наступныя 10 удзельнікаў – салодкія падарункі ад мяне.
Анатоль БУТЭВІЧ