Пчолачкі
У “Вясёлкі” з’явіліся новыя сябры – фальклорны ансамбль “Пчолачкі” з Жодзіна. Яго мастацкі кіраўнік – настаўніца музыкі Алена Мікалаеўна Якіменка. “Пчолачкі” – гэта дванаццаць таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія хораша спяваюць беларускія народныя песні, ведаюць мноства забаўлянак, лічылак, загадак… Іх выступленні пераносяць гледачоў у дзівосны свет старажытнай беларускай культуры. Ансамбль “Пчолачкі” ўдзельнічаў у адной з прэзентацый нашага часопіса.
Прапануем гасцям сайта пазнаёміцца са сцэнарыем праграмы “Падарожжа ў дзяцінства”, падрыхтаваным Аленай Мікалаеўнай Якіменка. Удзельнікі калектыва: Аліна Карповіч, Ангеліна Мандрык, Аліна Малярэвіч, Вікторыя Ігнатовіч, Эвеліна Чырыкава, Анастасія Падскробкіна, Дар’я Хірэвіч, Кіра Пупко, Аліна Клімянкова, Ангеліна Хісамудзінава, Кірыл Шкіндзер, Уладзіслаў Зыль.
Сцэнарый праграмы “Падарожжа ў дзяцінства”
Гэты сцэнарый складзены з твораў сівой старажытнасці – твораў дзіцячага фальклору. Як вядома, нашы непісьменныя продкі пачыналі гадаваць дзіця з самага яго нараджэння на прыкладах высокай духоўнай культуры. З песні-калыханкі маці пачынала знаёміць немаўля з навакольным светам, і ў гэтых песнях дзеючымі вобразамі былі жывёлы, якія знаходзіліся побач з чалавекам, – кот, сабачка, верабейка, сарока. Ім надаваліся чалавечыя здольнасці. Дзеці вучыліся распазнаваць дабро і зло, праўду і крыўду, справядлівасць і жорсткасць па казках, забаўлянках, лічылках, дражнілках, жартах, загадках, скорагаворках, гульнях. Родная мова, якую засвойвала дзіця, з’яўлялася тым падмуркам, на якім вырастала пачуццё любові да свайго краю. Я спадзяюся, што дзеці, якія ўдзельнічаюць у праграме паводле дзіцячага фальклору, назаўсёды зберагуць пачуццё павагі да сваіх продкаў, адзінства са сваёй роднай зямлёй і нацыянальнай культурай.
Удзельнікі ансамбля пачынаюць праграму так:
Пчолкі радасна вітаюць
Усіх сяброў на гэтым свяце.
І паслухаць запрашаюць
Галасоў сваіх багацце.
Мы спяваем тыя песні,
Што спяваў народ калісьці,
Як вясна прыйшла ў вёскі,
Плача як малы ў калысцы.
Сёння ўспомнім забаўлянкі,
Жарты, песні – калыханкі.
Пацешкі і дражнілкі,
Загадкі і лічылкі.
Першая дзяўчынка пачынае Лічылку:
Беглі куры па таку, па зялёным табаку, елі цукар і мядок, пазіралі на хлябок. Ішлі куры па таку, па зялёным табаку, елі цукар і мядок, паваліліся на бок. На вароты селі – “Ладачкі” запелі.
Адной маленькай дзяўчынцы не хапіла пары, і яна толькі паглядае, як спяваюць і гуляюць у ладачкі астатнія, вучыцца ў іх.
Ладачкі – ладушкі,
Прыляцелі птушкі.
Селі на варотах
У чырвоных ботах.
Боты паскідалі.
Кругом паляталі.
Сталі сакатаці,
Каб ім есці даці.
Прынясу ім жыта –
Будуць птушкі сыты.
Пасыплю гароху –
Хай ядуць патроху.
Дый насыплю грэчкі –
Хай нясуць яечкі.
Грэчкі не ядуць,
Яек не нясуць.
Першая дзяўчынка: Якая спрытная ды смелая наша Настачка!
Усе: Смелая?
Адна: А чаму ж яна зайца спалохалася, калі ў лес хадзіла?
Настачка: Дык я ж не ведала, што гэта заяц!
Другая дзяўчынка: Цішэй, дзяўчынкі, тутака наша маленькая Марусенька сама забаўляецца. Хадземце.
Марусенька:
Мышка кашку варыла,
На прыпечку студзіла.
Памялом мяшала.
Чапялой давала.
Гэтаму дала.
Гэтаму дала.
Гэтаму дала.
Гэтаму дала.
А гэтаму не дала:
Ты, малы, круп не драў,
Вады не насіў,
Дзяжы не мясіў.
Ідзі, малы, па вадзіцу,
У сцюдзёную крыніцу,
За пень, за калоду
Па жывеньку воду.
Усе: мышка, мышка, дзе была?
Марусенька: Была ў пана караля.
Усе: Што рабіла?
Марусенька: Лыжкі мыла.
Усе: А што далі?
Марусенька: Кусок сала.
Усе: Дзе паклала?
Марусенька: Пад лаўкаю.
Усе: Чым накрыла?
Марусенька: Халяўкаю.
Усе: Дзе падзела?
Марусенька: Кошка з’ела.
Трэцяя дзяўчынка: А хто з вас ведае, што зробіць ваша матуля з гаршком, перш чым пачне гатаваць абед?
Усе: Не ведаем… Напэўна, зазірне ў яго!
Чацвёртая дзяўчынка: Дзяўчынкі, хадземце паглядзім, як маленькая матуля падрастае, сваё дзіцятка калыхае.
Дзяўчынка спявае калыханку сваёй лялечцы.
Ходзіць кот па сенажаці,
Кліча сон ён да дзіцяці.
Ой, сонечку – галубочку,
Прыспі маю Ганулечку.
А-а-а, люлі, а-а-а, люлі.
Ходзіць певень па капусце,
Носіць сон у белай хусце.
Усім дзеткам прадаваў,
А Ганульцы дарма даў.
А-а-а, люлі, а-а-а, люлі.
Чацвёртая дзяўчынка: А хто з вас ведае, якое надвор’е будзе заўтра?
Адна: А мы зараз спытаем вось у гэтай божай жывёлкі (трымае ў руцэ божую кароўку).
Усе: Божая кароўка, што заўтра будзе, дождж ці пагода, пень ці калода? Пагода – ляці, дождж – сядзі. Паляцела…
(Бягуць усе разам.)
Дзяўчынка: І пакуль будзе жыць наш народ, датуль будуць жыць бабульчыны казкі і матуліны песні, пацешкі і забаўлянкі, трапны жарт і вясёлы танец.
Удзельнікі танцуюць польку.
Добры сцэнарый, таленавіты кіраўнік.Запрашаю паважаную Алену Якіменка наведаць маю групу «Далучыць да роднага слова», спадзяюся нам будзе пра што пагаварыць