55 колераў ВЯСЁЛКІ
Пераход у галерэю
Свята вясёлкавых колераў ў Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы імя А.П.Гайдара
У Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы імя А. П.Гайдара адбылася прэзентацыя сумеснага праекта бібліятэкі і рэдакцыі часопіса “Вясёлка” пад назвай “55 колераў Вясёлкі“. Сапраўднае шматколернае, шматграннае вясёлкавае свята, прысвечанае адзінаму беларускамоўнаму часопісу для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў, напоўненае вершамі, інсцэніроўкамі, песнямі, гімнастычнымі нумарамі пакінула самае найлепшае ўражанне ў гасцей, удзельнікаў і арганізатарў свята… Вясёлка – гэта ўсмешка прыроды ў блакітным, чыстым пасля дажджу небе, сімвал прыгажосці на зямлі. Такімі ж прыгожымі былі выступленні дзяцей, удзельнікаў свята. Сярод іх у першую чаргу хочацца адзначыць удзельнікаў бібліятэчнага гуртка “Ліхтарык”, што працуе ў ДУА СШ №10 (кіраўнік Р.В.Грынь). Юныя знаўцы роднай мовы інсцэніравалі казкі беларускіх пісьменнікаў, спявалі частушкі, прэзентавалі свае асабістыя вершы, загадкі, змешчаныя ў рукапісным зборніку “Промні Ліхтарыка”. Нечаканым сюрпрызам для дзяцей стала тое, што госць нашага свята – літаратурны рэдактар часопіса “Вясёлка” Святлана Богуш агучыла навіну аб тым, што ў чацвёртым нумары часопіса змешчаны вершы членаў гуртка “Ліхтарык”! Шмат цёплых слоў прагучала на свяце ў адрас галоўнага рэдактара часопіса, старшыні Беларускага дзіцячага фонду –Уладзіміра Сцяпанавіча Ліпскага, а юныя чытачы дзіцячай бібліятэкі Акімаў Дзіма, Вайцяховіч Павел Бабіцкі Уладзіслаў і Бакун Іван прынялі ўдзел у невялікім хіт-парадзе герояў яго кніг. А якое ж свята без галоўнага персанажа часопіса – Васі Вясёлкіна? З вялікім задавальненнем дзеці адказвалі на пытанні Вясёлкіна і атрымоўвалі салодкія прызы і сувеніры. Упершыню ў бібліятэцы паказвалі сваё майстэрства ўдзельнікі цыркавой студыі “Мечтатели”, а сапраўдным упрыгожаннем свята з’явіліся музычныя падарункі ад Таццяны Сухамліной з песняй “Я нарисую счастье” і Вольгі Сыраежка з песняй “Мая Беларусь”. Вяселкавае свята працягвае сваё шэсце па бібліятэках Барысаўшчыны, наперадзе нас чакае яшчэ шмат цікавых і яркіх мерапрыемстваў у розных колерах Вясёлкі.
Добры дзень, шчырае дзякуй паважанай рэдакцыі за размяшчэнне нашых фотаздымкаў і інфармацыі аб вясёлкавым мерапрыемстве! Усе ўдзельнікі праекта вельмі задаволены такой шырокай рэкламай! Будзем сябраваць! З павагай — Людміла Захарэвіч
Дзякуй усім, хто падрыхтаваў такое добрае свята! Здавалася, што яно праляцела, як адзін момант! Але колькі цікавага! З такімі натхнёнымі і таленавітымі аматарамі, Вясёлка, У Цябе вялікая будучыня! Дзякуй, што ты ёсць!
Святлана Шчэрба.