Навагрудскі замак
У надзвычай прыгожай мясцовасці, там, дзе непадалёк нясе воды магутны Нёман, на ўзвышшы месціцца невялікі горад Навагрудак. Сёння ён – раённы цэнтр Гродзенскай вобласці. Але калісьці быў сталіцай.
Тады, у трынаццатым стагоддзі, з аднаго боку на нашыя землі каціліся мангола-татары, з другога – насоўваліся крыжакі. Беларусь, альбо як яе звалі тады, – Літва, захавала сваю незалежнасць. Нашыя продкі збудавалі магутную дзяржаву – Вялікае Княства Літоўскае. Навагрудак і стаў яе першай сталіцай. Менавіта тут стваральнік Вялікага Княства Міндоўг быў каранаваны.
Якая ж сталіца, калі яна не мае абароны? І вось на гары будуюцца ўмацаванні. Першай паўстала вежа Шчытоўка. Побач узвялі Касцёльную вежу – непадалёк і сёння стаіць старажытны касцёл. Яго будаваў князь Вітаўт, у ім вянчаўся кароль Ягайла з Соф’яй Гальшанскай. Пазней тут хрысцілі вялікага паэта Адама Міцкевіча. Суседняя вежа Дазорца была названа гэтак за тое, што з яе глядзела варта – ці не набліжаецца вораг. Магутныя муры злучалі яшчэ вежы Пасадскую і Малую браму.
І ўсё б добра, але на Замкавай гары няможна здабыць вады. А трымаць абарону без студні не выпадае. Затое пад гарой б’юць крыніцы. І вось па-над крыніцай, унізе, паўстала вежа Калодзежная. Разам з Мескай вежай яны дадаткова баранілі ўваход. У выніку аточаны рвамі з вадой, замак стаў складацца ажно з сямі вежаў. Іх, нібы грозную варту, было відаць здалёк.
На тэрыторыі замка знаходзіліся палац і храм. Тут адбываліся пасяджэнні галоўнага тагачаснага суда – Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага.
Знаходзячыся на скрыжаваннях дарог, бараніцца даводзілася часта. Замак не раз бачыў манголаў ды крыжакоў, якія крышылі зубы аб ягоныя муры. Час праходзіў, і змяняўся замак, застаючыся адным з наймагутнейшых умацаванняў Вялікага Княства. Тое адчулі і крымскія татары, і маскоўскія ваяводы, якія не здолелі раскусіць гэты моцны арэшак.
Але ж вада камень точыць. Падчас вайны ў сямнаццатым стагоддзі Навагрудскі замак быў захоплены і разбураны ворагамі. Пасля гэтага ён ужо не аднавіўся і пакрысе знікаў, нібы снег пад вясновым сонцам…
Сёння ад замка ацалелі руіны, але і яны ўразяць кожнага, хто тут пабывае. Адсюль, з замчышча, адчыняецца дзівосная панарама ваколіцаў. Гэтае месца – адно з найвышэйшых і найпрыгажэйшых у Беларусі. Стоячы на гары, лёгка ўявіць, як некалі на стромыя схілы караскаліся чужынцы. Дакрануўшыся да чырвонай цэглы Шчытоўкі, нібы чуеш праз стагоддзі лязгат зброі. Чуеш посвіст стрэлаў і рык гарматаў. Палаюць агні-паходні, мітусяцца цені ваяроў… А тут, на мурах, таксама са зброяй у руках – нашы продкі, якія бароняць сваю зямлю. І толькі ад іх мужнасці залежаў і лёс горада, і лёс Айчыны…
Дамашнія заданні
1. Побач з замкам узвышаецца прыгожы Курган Неўміручасці. Яго насыпалі ў дваццатых гадах мінулага стагоддзя ў памяць аб знакамітым ураджэнцы гэтага краю Адаме Міцкевічы. У якіх творах паэт праславіў Навагрудчыну на ўвесь свет?
2. Каля ўваходу на замчышча кожнага сустракае вялікі камень. На ім герб Навагрудка з выявай Арханёла Міхала – нябеснага апекуна горада. Яго яшчэ называюць “Чорным анёлам” — толькі на навагрудскім гербе ён у чорным строі. У адной руцэ арханёл трымае меч. Зброя нагадвае пра магутны замак. А што сімвалізуюць Шалі ў другой руцэ?
Яраш МАЛІШЭЎСКІ