Сонечны і Дажджлівы
Даўным-даўно ў Нябесным Каралеўстве жылі два браты. Аднаго з іх звалі Сонечны дзень, а другога – Дажджлівы. Сонечны дзень заўсёды ўсміхаўся. Калі ён выходзіў на вуліцу, вакол усё ажывала. Кожную раніцу Сонечны дзень прабіраўся скрозь аблокі, каб зноў сустрэцца з тымі, хто яго чакае. Дажджлівы дзень не любіў свайго брата. І не сябраваў з ім. Заўсёды быў сумны, а з яго шэрых вачэй цяклі слёзы. Калі Сонечны дзень выходзіў на шпацыр, заўсёды з’яўляўся Дажджлівы дзень і праганяў яго. А часам так злаваўся, што пужаў усіх грукатам грому і жаханнем бліскавак-маланак.
Калі браты падраслі, то зразумелі, што больш не могуць жыць у адным Каралеўстве. Сонечны дзень адправіўся ў Паўднёвае Каралеўства, а Дажджлівы – у Паўночнае. У Паўднёвым Каралеўстве заўсёды свяціла сонейка, а людзі жылі, нібы ў казцы. У Паўночным бясконца ішлі дажджы.
Аднойчы Сонечны дзень вырашыў прагуляцца. І не заўважыў, як апынуўся ў Паўночным Каралеўстве. Людзі ўзрадаваліся, што, нарэшце, скончыўся дождж і да іх завітаў Сонечны дзень. Даведаўшыся пра гэта, Дажджлівы дзень раззлаваўся. У адно імгненне вакол пацямнела і пачалася навальніца. Дажджлівы дзень спрабаваў прагнаць брата. І раптам убачыў дзяўчынку, якая скакала па лужынах і радавалася, што ідзе дождж. Дажджлівы дзень заўсёды думаў, што яго не любяць і баяцца. Калі ж дзяўчынка працягнула яму свае далоні, ён убачыў яе вочы, у якіх было столькі шчасця. Дажджлівы дзень зразумеў, што быць адзінокім і магутным – гэта не значыць быць шчаслівым. І тады ён падышоў да брата і папрасіў у яго прабачэння за свае дрэнныя ўчынкі. У знак прымірэння браты пакляліся, што больш ніколі не будуць расставацца. І сонца з дажджом абняліся разам, і над імі ў небе заззяла сяміколерная вясёлка. Нягледзячы на дождж, людзі выбеглі на вуліцу. Яны весяліліся, скакалі і спявалі.
Так з’явілася яшчэ адно шчаслівае Каралеўства. А два браты, якія дагэтуль варагавалі, сталі добрымі сябрамі. І кожны раз, калі яны наведвалі адзін аднаго, неба ўпрыгожвала каляровая вясёлка.
Таццяна Прышчэпава