Дабрадзей для ўсіх дзяцей
Уладзімір Ліпскі
Дабрадзей для ўсіх дзяцей
8. Юні-Юні клапоціцца пра здароўе
Летам, здаецца, спяваюць усе: птушкі і пчолы, дрэвы і травы, сонца і кветкі. Якое наўкол хараство!
Такой парой Вася Вясёлкін заўсёды збірае сваіх сяброў у дачным пасёлку Зялёная Гара. Адтуль амаль кожны дзень яны вандруюць па наваколлі, адпачываюць і робяць для сябе адкрыцці.
Тым днём у дарогу з юнымі краязнаўцамі адправіўся і Юні-Юні. З чыстага неба шчодра ліліся сонечныя промні. Нават гуллівы ветрык прылёг на лугавінах, каб пагрэцца і паслухаць спевы лета.
Спявалі і дзеці. Запяваламі ў іх былі Вася Вясёлкін і Юні-Юні. А хлопчык Толік весяліў усіх сваёй дудачкай:
Слухаць дудку прыляталі
Матылёчкі і жучкі.
А мы песню ім спявалі
Пад бярозай ля ракі…
Першы прыпынак вандроўнікі-краязнаўцы зрабілі каля невялікага азярца, зарослага чаротам, асакой, раскай. На мелкаводдзі Надзейка агледзела цэлую “хмарку” жабіных дзяцей – апалонікаў. Дзеці прыгаршчамі выцягвалі іх з вады і кідалі ў пустое вядзерца.
І раптам з вадзяной травы пачуўся хрыплы голас:
– К-ква-к-ква, што р-робіце?.. Э-эх, ква-ква – дзятва!..
Перакладчыкам жабінай мовы выступіў Юні-Юні:
– Ведайце, сябры, гаспадыня азярца Зялёная Жаба нагадвае вам, што яе дзеці маюць права на жыццё і ахову здароўя.
– Праўда, давайце не чапаць жабіных дзетак, – пагадзіўся Вася Вясёлкін. – Яны вырастуць і будуць карыснымі для прыроды, праспяваюць для нас сваю песню-квакалку.
Хлопчыкі і дзяўчынкі выпусцілі ў ваду чорных апалонікаў. А яны, у знак падзякі, павілялі ім доўгімі хвосцікамі.
У Зялёнай Дуброве вандроўнікаў чакаў сюрпрыз. Яны знайшлі сярод кустоў птушаня. Яно хавалася ў траве. А калі дзеці прыкмецілі яго і пачалі лавіць, то шэры пухнацік нават паспрабаваў уцекчы. Бег, куляўся, узлятаў. Толік дагнаў птушаня. Яно затрымцела ў яго руках. Калі ўсе падбеглі да лаўца, то згледзелі, што ў птушаняці паскубенае і падзюбанае правае крыльца.
– Нейкі злыдзень пасягнуў на здароўе і жыццё гэтага птушынага дзіцяткі, – з сумам зазначыў Юні-Юні. – Птушачцы трэба тэрмінова дапамагчы.
– Мо хуткую машыну з Мінска выклічам? – прапанаваў Дзяніс.
– Ты што, хуткая ратуе толькі людзей, – патлумачыў Вася Вясёлкін. – Давайце самі станем медыкамі-выратавальнікамі для параненага.
У дарожнай аптэчцы вандроўнікі знайшлі вату, бінт, ёд, пластыр. Пачалі прыгадваць: каму, хто і як лячыў ранкі. Вася Вясёлкін узяўся лекаваць птушаня. Прамыў акрываўленае крыльца, працёр яго ваткай, апрацаваў ранкі ёдам. Увесь гэты час птушаня сядзела, заплюшчыўшы вочкі.
– О, яно пазірае на нас! – радасна ўсклікнуў Толік.
– Будзе жыць! – запэўніў Вася Вясёлкін.
– Павінна жыць, бо мы змагаліся за гэта, абаранілі яго права быць здаровым і мець медыцынскае абслугоўванне, – падсумаваў Юні-Юні і скіраваў свае ласкавыя, гаючыя промнікі на параненую птушачку.
Дзеці агледзелі наўкол усе арэхавыя кусты і знайшлі на адным з іх гняздо. Туды і падсадзілі параненага пацыента.
Тым днём сябры Васі Вясёлкіна трапілі ў сасновы лес. Знайшлі там цэлую паляну чарніц і ўдосталь наеліся сакавітых, лекавых ягад. У кожнага ад іх рот стаў чырвона-сінім, а рукі – чарнічнымі. Смяяліся адзін з аднаго, весяліліся. А гэта і ёсць прыкметы добрага здароўя.
Пад канец лета, калі на жытнёвае поле выйшаў камбайн, зялёнагорцы з Васем Вясёлкіным кінуліся паназіраць за ўборачнай машынай. Бегалі па ржышчы, прыветна махалі рукамі механізатару. Ды раптам з высокага жыта, перад самым матавілам камбайна, сігануў Русы Зай. Доўгія вушы ляжалі на яго спіне, а лапы ледзь краналіся зямлі. Заяц, здаецца, не бег, а крывой маланкай ляцеў па полі.
Камбайнер тармазнуў машыну, выскачыў з кабіны. Разам з дзецьмі ён знайшоў у жыце маленькае, кволае зайчаня. Яно не ўцякала: ці то вельмі напалохалася рокату і шуму, ці то не ўмела хутка бегаць. Дзядзька ўзяў за вушы русачка і перадаў Васю Вясёлкіну:
– Прымайце знаходку. Падкарміце, падгадуйце і абавязкова выпусціце ў лес.
Дзеці помнілі наказ Юні-Юні, што кожнае дзіця мае права на здароўе і жыццё, таму хорам адказалі:
– Мы так і зробім, дзядзечка!
Стракозы весела праляцелі над галовамі спагадлівых вандроўнікаў. Конікі ў травяным іржышчы пусціліся ў скокі. Сінія васількі ў жыце лагодна заківалі галоўкамі. А дзеці заспявалі новую песню:
Сонца светлае, як мама,
У высокім небе стала.
Каб з шляхоў прасторных, вольных
Прывітаць наш край азёрны.
Працяг у наступным нумары.