Падзяка Даманеўскаму Уладзіміру Віктаравічу
Установа “Рэдакцыя часопіса “Вясёлка” выказвае падзяку Даманеўскаму Уладзіміру Віктаравічу за правядзенне і падтрымку рэспубліканскай акцыі “Чытаем разам – чытаем па-беларуску!”, якая адбылася 23 мая 2012 года ў Слуцкім раёне .
Літаратурны фестываль “Святло беларускай кнігі”, які праходзіў у межах акцыі, арганізавала і правяла раённая цэнтральная бібліятэка. Туды завіталі беларускія пісьменнікі і паэты, літаратуразнаўцы і журналісты, якія атрымалі вялікае задавальненне ад мерапрыемства. Узровень арганізацыі свята, падрыхтоўка канцэртнай праграмы, аудыторый слухачоў былі адметнымі і лепшымі за ўсю гіторыю правядзення акцыі. У час яе правядзення адбыліся прэзентацыі зборніка “Нам засталася спадчына” і кнігі Ул. Ліпскага “Янкаў вянок”. Беларускія пісьменнікі і паэты наведалі шэраг устаноў горада, дзе сустрэліся з вучнямі, настаўнікамі, бібліятэкарамі.
Варта адзначыць любоў да працы дырэктара Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэкі Людмілы Васільеўны Гурыновіч, якая шчыра адданая сваёй справе.
Праблема папулярызацыі літаратруры – адна з найбольш актуальных дзяржаўных праблем, звязаная з развіццём і захаваннем нацыянальнай культуры. Пытанне аб сацыянальнай значнасці чытання, літаратуры і ролі пісьменніка як прапагандыста і ідыёлага актуальна як ніколі. Гэта добра разумее і ўсведамляе, а таму і ўсебакова падтрымлівае ініцыятывы бібліятэк начальнік аддзела культуры Слуцкага раённага выканаўчага камітэта Алена Міхайлаўна Камоцкая.
Цяжэй за ўсё зацікавіць моладзь высока мастацкай літаратурай, якая з’яўляецца крыніцай духоўнасці, маральнасці. Асабліва трывожыць тое, што адсутнічае цікавасць да чытання і літаратуры ў дзяцей і падлеткаў, якія з’яўляюцца самай дынамічнай і актыўнай сацыяльнай групай. Трэба падтрымліваць іх жаданне атрымаць новыя веды. Чытанне дапамагае павысіць эрудыцыю, павялічыць слоўнікавы запас, атрымаць задавальненне ад спасціжэння сутнасці мастацкіх твораў. Ведаючы гэта і падтрымліваючы акцыю, начальнік аддзела адукацыі Дзерман Іван Антонавіч прыклаў усе намаганні, каб у святочных мерапрыемствах была задзейнічана максімальная колькасць зацікаўленных вучняў, настаўнікаў, выхавацеляў, бібліятэкараў школ Вашага раёна.
Веру, удзел у акцыі “Чытаем разам” дапамог зрабіць чытанне больш прэстыжным, разрэкламаваным, пазнаёміць чытачоў з сучаснымі беларускімі пісьменнікамі і іх творамі. Спадзяюся, гэта будзе садзейнічаць сацыяльнаму, культурнаму, маральнаму развіццю дзяцей і моладзі.
Калі мы хочам быць паспяховымі, запатрабаванымі ў сучасным свеце, трэба чытаць. Праблема дзіцячага чытання трывожыць усе развітыя краіны. Ва ўсе часы цікавасць да кнігі нараджалася ў сям’і. Давайце зробім усё магчымае, каб паштальён прыносіў часопіс “Вясёлка” у кожную сям’ю.
Выказваем Вам, Уладзімір Віктаравіч, шчырую падзяку за арганізацыю і правядзенне рэспубліканскай акцыі “Чытаем разам” на высокім еўрапейскім узроўні. Жадаем новых праектаў. Няхай Вам заўсёды спадарожнічае нябесная вясёлка.
Загадзя ўдзячны
за разуменне і падтрымку –
У. С. Ліпскі,
галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка”,
старшыня праўлення Беларускага
дзіцячага фонду,
член Нацыянальнай камісіі
па правах дзіцяці,
лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі.