Як зорка бярозкай стала
Здарылася гэта даўным-даўно, калі і людзей яшчэ на зямлі не было. У дрымучых лясах толькі звяры гойсалі, птушкі ляталі ды гады розныя поўзалі. Днём, праўда, у цёмныя нетры зрэдку зазірала сонца, а ўначы зоркі падміргвалі зялёным дрэвам-волатам.
І вось адна зорка вырашыла спусціцца ўніз, каб паглядзець, што робіцца там, за покрывам векавых галін. “І не думай, – адгаворвалі сяброўкі, – прападзеш назаўсёды”. Аднак упартая зорка іх не паслухалася. І дзіва з дзівосаў! Дрэвы не сустрэлі зорку насцярожана, наадварот, ласкава падставілі свае галіны, каб яна мякка саслізнула ўніз. І звяры не накінуліся на нябесную госцю, і птушкі не залапаталі грозна крыламі, і гады адхіснуліся. Лясныя жыхары ўзрадаваліся нават, што зорка да іх завітала. Цэлую ноч паказвалі ёй лес, наперабой пра ўсё расказвалі. Не змецілі, як і на досвітак пачало брацца. А значыць – наспеў час і зорцы на неба падавацца.
Засмуціліся лясныя жыхары, пачалі ўпрошваць:
– Заставайся на зямлі, зорка. Нам з табой так светла!
– Але ж я ззяю толькі ўначы, – адказала зорка.
– Ты будзеш свяціць нам і днём, – супакоілі яе лясныя жыхары.
– Днём, пры сонцы? – не паверыла зорка.
– Мы ператворым цябе ў беластволае дрэўца, і стане ў нашым лесе светла і ноччу, і днём… Калі хочаш, вядома.
– Хачу! Хачу! – узрадавалася зорка, ды раптам спахапілася: – Але ж тут, на зямлі, у мяне не будзе такіх сябровак, як на небе.
– А мы і пра гэта падумалі, – супакоілі лясныя жыхары. – Сяброўкі ў цябе будуць усюды. І многа, цэлы беластволы гай!..
І засталася зорка на зямлі: ператварылася ў прыгожую бярозку.
Анатоль ЗЭКАЎ