Лялька
Лялька заўсёды сядзела ў краме на ніжэйшай палічцы. У бліскучай блакітнай сукенцы і з доўгімі бялявымі валасамі, зусмешкай на твары. Ды з такой задзірыстай, нібы з Васіліны ўвесь час смяялася.
Дзяўчынка ніколі не прасіла бацькоў купіць ляльку. Выбірала іншыя цацкі, а на ніжнюю палічку ў краме ўвагі амаль не звяртала.
Аднойчы лялька знікла. Столькі часу сядзела, усміхалася. І раптам знікла.
Яшчэ некалькі дзён запар Васіліна хадзіла з мамай у краму, але лялькі ў блакітнай сукенцы не было. Мусіць, купілі.
Дзяўчынка дзівілася: ёй ніколі не падабалася тая лялька, а зараз аж закарцела. Пачала шукаць такую ж. Ды нават падобных не знаходзіла. Сустракаліся і бліскучыя блакітныя сукенкі, і бялявыя доўгія валасы. Аднак ніводная лялька не ўсміхалася так задзірыста.
Засумавала Васіліна. Пачала ўспамінаць зніклую ляльку, усё больш падабалася яе вясёлая, шчырая ўсмешка. Вельмі шкадавала, што ў свой час не прыгледзелася да гарэзы. Каб не грэбавала, зараз бы ўсе сяброўкі зайздросцілі.
Васіліна нават перастала гуляцца са сваімі лялькамі, сціплымі, паслухмянымі. Закінула іх на шафу, няхай сядзяць там, крыўдзяцца.
А на дзень нараджэння ажно пяць крамаў абышла з татам. Усё спадзявалася: можа, хоць у гэты дзень пашанцуе.
Так нічога і не купілі, паехалі дахаты. “Усё адно буду чакаць такую ляльку, – падумала Васіліна. – Не патрэбны мне іншыя”.
Аднойчы зайшла яна ў свой пакой, а на ложку ляжала лялька з гарэзлівай усмешкай.
– Мама і тата, дзякуй вам за падарунак! — аж запляскала ў ладкі Васіліна.
Ліна КОТ