І зноў конкурс: «Самая дарагая рэч у нашым доме»
Васіль Вітка
Самая дарагая рэч у нашым доме
У адной школе зайшла ў нас гаворка:
– Якая самая дарагая рэч у вашым доме?
Некаторыя вучні пераглянуліся. Некаторыя паціснулі плячамі. Паўлік першы падняў руку:
– Матацыкл! – радасна выгукнуў ён і, задаволены, сеў.
Тады падахвоціліся іншыя. Рука за рукой пацягнуліся ўгору:
–“Жыгулі”! “Масквіч”! Тэлевізар! Радыёла! Халадзільнік! Піяніна!
Дарагіх рэчаў, сапраўды, было многа. Але я заўважыў, што ёсць хлопчыкі і дўяўчынкі, якія не падымаюць рук. І не таму, што ў іх дамах няма дарагіх рэчаў. Яны здзіўлена паглядзелі то на сваіх сябоў, то на мяне і, відаць, не згаджаліся ні з імі, ні са мною. І я ў душы вельмі абрадаваўся і сказаў:
– Малайцы!
Тыя, што паспяшаліся з адказамі, палічылі, што гэта я пра іх сказаў. Але цяпер і тыя, што маўчалі, пачалі далучацца да гаворкі. Падняў руку Валодзя.
– Самая дарагая рэч у нашай сям’і дасталася мне ад дзеда…
Усім нецярпелася дазнацца: якая?
– Медаль «За адвагу», – сказаў Валодзя. – Дзед заўсёды ў Дзень Перамоні расказваў, якая цяжкая і страшная была вайна. Мой дзед быў храбры салдат. Ён пад агнём фашыстаў пераплыў Дняпро…
Заварушыліся ўсе вучні. Яны зразумелі, што ёсць рэчы даражэйшыя. Гэта асаблівыя рэчы, самыя дарагія для кожнага з нас.
Цяпер якраз і пачалася гаворка пра галоўнае, што ўзвышае чалавека.
Аказалася, што ў Паўлікавага бацькі, калгаснага брыгадзіра, ёсць ордэн, якім ён узнагароджаны за вялікія ўраджаі. Паўлік ганарыцца сваім бацькам і прызнаўся, што будзе вучыцца на агранома.
Многа цікавага расказалі вучні на гэтым незабыўным уроку. Петрык – пра сваёго брата-трактарыста, здымак якога змясцілі ў газеце. Волечка – пра бабулін піянерскі гальштук…
Так гаварылі мы на тым уроку пра самае дарагое і запаветнае. І я рад, што ўрок наш не скончыўся, што да нашай размовы можа далучыцца кожны, хто чытае “Вясёлку”.
Рэдакцыя часопіса аб’яўляе конкурс: “Самая дарагая рэч у нашым доме”. Мы чакаем вашых расказаў, якія рэчы, зробленыя вамі, рукамі вашых родных і блізкіх, падарункі, кнігі, дзённікі, пісьмы, фатаграфіі шануюцца ў вашых сем’ях і чым яны вам асабліва памятныя.
“Вясёлка” будзе друкаваць усё самае цікавае.
Дасылайце лісты на пошту veselka.by@gmail.com