Складаная загадка
Суббота, 24.12.2011 12:05. Рубрика: Хвілінкі-весялінкі
– Адгадай загадку, дзедка, –
Просіць Воля за абедам. –
Хоць і б’юць яго, не плача,
А ўсё скача, скача, скача!..
Як загадку адгадаеш,
Прыз – цукерку атрымаеш!
Усміхнуўся дзед: – Няйначай,
Гэта конь – скакун гарачы.
Запярэчыла тут Воля:
– Нельга коней біць ніколі.
А скакун, які не плача,
Вось жа ён – мой новы мячык!
Але й твой адказ цікавы –
Паўцукеркі дам да кавы.