Жыткавічы жывуць у вяках
Па шашы ад Жыткавіч на Тураў
праз акно аўтобуса да слёз
я ўглядаўся ў постаці панурых
лютаўскіх алешын і бяроз…
Павел Шруб
Воін і страла
Радкі з верша, узятыя як эпіграф, маюць узнёслы працяг. Паэт даводзіць, што яму было цёпла і соладка слухаць вясковых людзей, якія ехалі дамоў з райцэнтра. Яму падалося, што пад коламі аўтобуса беглі не проста кіламетры шляху, а круцілася ўся планета “з найхарошай назваю Зямля”.
Магу засведчыць, што ў Жыткавіцкім раёне, на Тураўшчыне, сапраўды адчуваеш сябе дрыгавічом. Так даўней называліся славяне, якія жылі тут. І неяк больш свядома адчуваеш сябе беларусам, які мае сваю краіну, мову, гісторыю.
Тут, на гэтых землях, было некалі Тураўскае княства. Яно вылучалася сваёй веліччу і магутнасцю. Вазьміце сучасную карту Беларусі і ўявіце сабе тэрыторыю, на якой цяперашнія гарады – Пінск, Давыд-Гарадок, Тураў, Клецк, Слуцк, Рагачоў, Мазыр, Рэчыца – усё гэта, з лясамі і рэкамі Ясельда, Гарынь, Лань, Случ, Убарць, Прыпяць, Бярэзіна, Дняпро, і было Тураўскім княствам.
Пра гэту старажытную зямлю і людзей, якія ўславілі яе, думаю, напішацца яшчэ шмат кніг. А мы давайце паўзіраемся ў гербы Турава і Жыткавіч ды задумаемся, якую памяць яны захоўваюць для нас, сведкаў дваццаць першага стагоддзя.
У гербе Жыткавіч шмат чырвані. На гэтым фоне – два сімвалы. Белая хвалепадобная стужка пасярэдзіне – гэта як бы рака Жыткаўка, ад якой і пайшла назва райцэнтра. А срэбная страла ўверсе і срэбны крыж на ёй адлюстроўваюць мужнасць і праведнасць людзей гэтай зямлі, якія з вераю і любоўю заўсёды змагаліся за сваю вольнасць і незалежнасць.
Герб Турава мае блакітнае поле. На ім – славянскі воін у поўны рост, з пругкім лукам і нацягнутай цецівой. У яго за спіной – шмат стрэлаў, як бы напамін усім, хто не з дабром хоча завітаць у гэты старажытны край.
Кірыла Тураўскі
Ёсць людзі, якія не паміраюць. Калі нават іх няма на гэтым свеце, то яны ўсё роўна жывуць у памяці людзей. За што такая пашана? Ды за тое, што гэтыя людзі зрабілі нешта важнае, адметнае, неўміручае для сваёй Айчыны.
Сярод такіх постацей Беларусі – епіскап Кірыла Тураўскі. Пра яго пішуць, што ён, апроч высокага царкоўнага сана, быў і філосафам, і мысліцелем, і паэтам. Ён стаяў каля вытокаў нашага пісьменства і старажытнай культуры. Будучым даследчыкам, а сярод іх можаце быць і вы, чытачы “Вясёлкі”, яшчэ трэба шмат папрацаваць, каб спаўна раскрыць велічны вобраз Кірылы Тураўскага.
Нам жа пакуль мала вядома пра яго жыццё. Нарадзіўся ў Тураве, у 1130 годзе, у сям’і заможных бацькоў. Атрымаў добрую адукацыю. Кажуць, у Кірылы былі спецыяльныя настаўнікі ажно з Грэцыі. І вельмі рана юнак прыняў манаства, вырашыў жыццё прысвяціць Божай веры, якая ўзвышае і мацуе душу чалавека.
Кірыла Тураўскі шмат гадоў правёў у манастыры. Жыў у малітвах, пастах, чытанні кніг, напісанні сваіх твораў. Да нас дайшлі некаторыя Малітвы, Павучанні, Казанні, Словы Кірылы Тураўскага. Творчая спадчына нашага вялікага асветніка павінна стаць даступнай і вам, юным нашчадкам Беларусі.
А цяпер давайце паспрабуем учытацца ў некаторыя павучанні Кірылы Тураўскага і зразумець іх. Улічыце, гэтыя радкі пісаліся амаль дзевяць стагоддзяў назад.
Кірыла Тураўскі: “Но молю вы, любимици мои о Господе: чтите святыя книгы; разумно же внимай, а неведомаго – иди к мудрейшим собе, и от тех увеси”.
“Сладко бо медвеный сот и добро сахар, абоего же добрее книгий розум: сия ибо суть скровища вечныя жизни”.
Мова – найвялікшы скарб
У маёй асабістай бібліятэцы ёсць пяць кніг, якія я чытаю і перачытваю ўжо багата гадоў запар. Яны называюцца “Тураўскі слоўнік”. У іх запісана, сабрана, захавана мова тураўцоў, якую яны беражліва перадаюць сваім нашчадкам, значыць, вам, сённяшнім дзецям.
Мае землякі могуць такое слоўца ўвярнуць у размову, што адразу вы і не зразумееце. “Буса” ў іх – гэта невялікая лодка, выдзеўбаная з дрэва, хутчэй за ўсё з асіны. Ёсць і балота Бусовішча. Можа, там раней было возера, а па ім плавалі на самаробных бусах рыбакі?
Майстра, які вырабляе з гліны посуд, яны называюць не ганчаром, а гаршкалепам. Ганчар у іх – гэта пагоншчык коней, кароў. Ён гоніць жывёлу на пашу. Лабаза па-іхняму — гэта старая пабудова, абы-якая. Лея – лівень, які леяў, ліў, уліваў. А што такое кажушок? Ды гэта невялікі шчупачок, якіх багата ў тураўскіх рэках і азёрах.
Калі я назаву вам слова “завабшчык”, вы доўга будзеце разгадваць яго сэнс. А для мясцовых жыхароў зразумела, што гэта паляўнічы, які сваім голасам ці спецыяльнымі дудачкамі вабіць да сябе звяроў, птушак.
Бачыце, слоўнікі народнай мовы захоўваюць для нас той скарб, якім карысталіся нашы продкі. Застаецца засвоіць яго і ўмела прымяняць у гаворцы, у пісьме. Можа, пачніце складваць свой слоўнік. Прыслухоўвайцеся да мовы вашых бацькоў, вяскоўцаў, гараджан ды занатоўвайце словы-залацінкі, словы-помнікі нашай напеўнай, мілагучнай беларускай мовы.
Юны герой
Міша Мароз нарадзіўся ў вёсцы Бярэжцы. Сціплы вясковы юнак, закончыўшы школу, выбраў сабе прафесію педагога. Паступіў вучыцца ў Аршанскае педагагічнае вучылішча.
Усё складвалася добра ў жыткавіцкага Мішы Мароза. Але лёс рыхтаваў яму сваё выпрабаванне.
Стаяў верасень месяц, у прыродзе пачыналася залатая восень. Навучэнцы прыехалі да сялян, каб дапамагчы ўбраць з палеткаў бульбу. І вось у адзін з такіх пагодлівых дзён ударную працу каля бульбаўборачнага камбайна супыніў трывожны крык Мішы Мароза:
– Разыдзіцеся!.. Снарад!..
Міша ўхапіў з транспарцёра смертаносны метал, які з вайны ляжаў у зямлі, і панёс у канец палетка. Некалькі крокаў не хапіла юнаку, каб выкінуць яго ў роў. Снарад нечакана ўзарваўся ў руках…
Так загінуў мужны Міша Мароз, ратуючы ад бяды сваіх сяброў. Так паступіў герой, продкі якога мацавалі і абаранялі ва ўсе вякі сваю малую радзіму, Тураўшчыну.
Будзеце ў Жыткавічах, наведайце школу № 1, пакланіцеся бронзаваму Мішу Марозу. Помнік юнаму герою нагадвае ўсім, што ў жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу. Да яго трэба быць гатовым.
Дамашнія заданні
1. Што вы ведаеце пра Князь-возера?
2. Якую легенду чулі пра знакамітыя каменныя тураўскія крыжы, адзін з якіх быццам расце з зямлі?
3. Шмат знакамітых людзей нарадзілася ў Жыткавіцкім раёне. Сярод іх – вядомы беларускі кампазітар. Імя яго – Уладзімір. Разгадаўшы рэбус, даведаецеся і яго прозвішча.
Уладзімір Ліпскі