Вогнікі зніклі
Якуб Колас любіў маляўнічыя краявіды Пухаўшчыны. У 1935 годзе ён з сям’ёй летаваў у хаце лесніка Волеся Бранавіцкага.
У нядзельку завітала да Бранавіцкіх пляменніца Алена. Паклала на стол кавалачак сыру.
– Вось гасцінец вашаму Міколку прынесла.
Але Міколка да пачастунку нават не дакрануўся.
– Нядобрыцца яшчэ яму, – растлумачыла маці Вольга Сцяпанаўна. – Праўда, пачуваецца лепш, чым учора. То ж, было, плямы ружовыя на целе выступілі. Вусны вогнікам абсыпала. Да доктара трэба. А дзе ўзяць доктара ў нашай Загібельцы?
І расказала як дапамог сыну Колас. Ён агледзеў Міколку, пра сёе-тое распытаў, а потым і кажа:
– Дайце мне рыдлёўку і палатняную торбачку. Пайду лекаў пашукаю.
Пайшоў Колас на балота, накапаў там сушаніцы. Прамыў, апусціў у гладыш, заліў кіпенем. Праз гадзіны тры змазаў Міколкавы вусны змочанай у адвары ваткай. Пад вечар паўтарыў лячэнне. Вогнікі пад раніцу і зніклі. Як і не было іх.
Вольга Сцяпанаўна падзякавала Коласу і пацікавілася:
– Адкуль вы, Канстанцін Міхайлавіч, ведаеце, як немач выганяць з чалавека?
– У нашай сям’і дзеці часта хварэлі, – адказаў Колас. – Маці лячыла нас адварам траў. От і засталося тое з дзяцінства. Мята добра хворыя бронхі лечыць, крапіўка апетыт прыбаўляе. А калі сэрца баліць, трэба пустырнік заварыць. У вашым гародчыку, бачыў, шмат яго расце.
Праз тыдзень усе жыхары Загібелькі ведалі пра ўмельствы народнага доктара, які летаваў у Бранавіцкіх. Калі хто ў вёсцы захварэе, за парадай і дапамогай спяшаліся да Якуба Коласа.
У верасні пісьменнік пакідаў вёску – ад’язджаў у Мінск. Правесці яго прыйшлі ўсе жыхары Загібелькі.
Браніслаў ЗУБКОЎСКІ
З апавяданняў пра Якуба Коласа