“Зязюля Гулюля”
Крышку пра кніжку
У гэтай кніжцы сабраліся ці не ўсе нашы звяры і птушкі. Іх гнёзды, сляды і галасы амаль на кожнай старонцы. А зязюля заляцела нават на вокладку. Каб даведацца, адкуль у яе такое незвычайнае імя, пачытайце новую кніжку Анатоля Зэкава “Зязюля Гулюля”.
З празаічных казак вы даведаецеся, чаму птушкі не сівеюць, аб чым сойка крычыць, як чайкі варону ўратавалі, чаму сароку называюць манюкай, адкуль кветкі з’явіліся, калі луг і поле пасябравалі, як нябесная зорка бярозкай стала… Кожная казка – гэта своеасаблівая падказка-перасцярога ад благіх учынкаў, наглядны ўрок дабрыні, спагады і справядлівасці. Некаторыя казкі, каб весялей чыталіся і не забываліся, рытмічна арганізаваныя, з рыфмай, як вершы.
Другі раздзел склалі вершы, лічылкі, скорагаворкі, загадкі. Арыгінальныя па задуме, яны запамінаюцца мастацкімі вобразамі, жывой мовай.
Што за кветачка такая
На вадзе зіхціць-гайдаецца:
Днём на сонцы загарае,
Уначы ў рацэ хаваецца?
Падказка – зноў жа ў кніжцы.
Аўтар часта ставіць пытанні, на якія адказаць павінны вы, чытачы. І трэба добра “паламаць” галаву, каб знайсці дакладны адказ. Бо вершаваныя творы перасыпаны дасціпнымі заданнямі, каламбурамі – жартамі, у якіх выкарыстоўваюцца розныя словы, блізкія па гучанні, або розныя значэнні аднаго слова.
Пазнавальна, займальна, павучальна – так коратка можна ахарактарызаваць новую кніжку Анатоля Зэкава. Гэта выдатная чытанка для дзяцей, іх бацькоў і настаўнікаў.
Казачны свет, створаны аўтарам, аздобіла вясёлкавымі фарбамі мастачка Галіна Хінка-Янушкевіч. А выпусціла кніжку выдавецтва “Літаратура і Мастацтва”.
Вася Вясёлкін