У падарожжа па Ельску
Уладзімір Ліпскі
Ельск – сярод лясоў птушыных і садоў
Тут людзі незвычайнай прыгажосці
З адкрытаю душой жывуць вякамі.
У Ельск з ахвотой прыязджаюць госці
І застаюцца нашымі сябрамі.
Ірына Якаўлева
Пераможная зброя
Герб Ельска ўяўляе сабой чырвоны шчыт. А на ім – два мячы. Яны скрыжаваны паміж сабой, як бы сведчаць, што паядынак закончаны, пераможцы могуць адпачываць. Іх срэбная зброя таксама складзена для спачыну.
Нагадаем, меч – гэта старадаўняя зброя. Ён падобны на доўгі нож, тонка завостраны з абодвух бакоў. У Якуба Коласа ёсць верш, які заклікае народы ў паход на ворага: “На меч перакуйце свой плуг”.
Даўнейшая зброя на гербе Ельска сведчыць пра тое, што гэта палескае паселішча пачало сваю гісторыю са старажытных часоў. Гаспадарылі тут багацеі Спады, Аскеркі, Ельскія.
Цяпер на гэтай зямлі жывуць сейбіты і будаўнікі, рабочыя і інжынеры, медыкі і педагогі. Людзі розных прафесій ладзяць у сваім раёне зямны рай. Пры любых цяжкасцях выжываюць і ўпрыгожваюць родны край. Сама прырода спрыяе ім. Палова плошчы раёна – пад лесам. Працякаюць рэкі Славечна, Чэрцень, Батыўля, Ясенец, Жалонь, Мытва, Млынок. Птушкі ладзяць напеўныя канцэрты. У іх “аркестры” – цецерукі, рабчыкі, дзятлы, дразды, сініцы, саракапушы, аўсянкі, івалгі, гарыхвосткі, зязюлі, жаваранкі, салаўі…
Сёстры Хатыні
На Ельшчыне былі вёскі Забалоцце, Копанка, Круглае.
Чаму былі? Чаго іх няма?
Прыслухаемся да ўспамінаў Раісы Садольскай, былой жыхаркі вёскі Круглае:
“Раніцай, гадзін каля шасці, калі многія яшчэ спалі, прыехалі ў вёску карнікі. Выгналі ўсіх на вуліцу, палічылі нас. Потым пачалі заганяць у хаты. Я са сваімі маленькімі (дзяўчынцы – год, хлопчыку – тры) трапіла ў чацвёртую хату. Пачалі па нас страляць. Куля трапіла ў дачушку, якую я трымала на руках. Паранілі і мяне. Упала, страціла прытомнасць… Немцы падпалілі хаты. На мне ўжо гарэла вопратка. Неяк выпаўзла на агарод, хапаючы губамі расу. З апёкамі, абадраная ўся, прыпаўзла да рэчкі. Убачылі мяне партызаны, пачалі ратаваць…”
У той дзень, 18 ліпеня 1942 года, фашысцкія карнікі спалілі многія вёскі Ельшчыны. У Забалоцці разам з вёскай загубілі 167 жыхароў, у Копанцы – 186 жыхароў, у Круглым – 41 жыхара. Гэтыя вёскі не адрадзіліся. Яны ўвекавечаны ў мемарыяльным комплексе “Хатынь”. Калі будзеце там, прыслухайцеся да трывожных званоў спаленых вёсак ды ўпусціце ў сваё сэрца наказ мёртвых да жывых, напісаны на Вянку памяці:
“Людзі добрыя, помніце: мы любілі жыццё, і Радзіму нашу, і Вас, дарагія. Мы згарэлі жывымі ў агні. Наша просьба да ўсіх: хай жалоба і смутак абернуцца ў мужнасць і сілу, каб змаглі ўвекавечыць Вы мір і спакой на Зямлі. Каб нідзе і ніколі ў віхуры пажараў жыццё не ўмірала”.
Салаўіныя песні
Ніколі не забуду вёску Зашыр’е. Яна ў 35 кіламетрах ад Ельска. Самая вялікая вёска і вельмі прыгожая. Тут утульныя,прасторныя хаты, мноства кветак і шмат прывабных куточкаў, упрыгожаных народнымі ўмельцамі.
Зашыр’е – цэнтр саўгаса “Камуніст”. Гэтай сельскай гаспадаркай умела кіруе Рыгор Уладзіміравіч Бабчанок. Калі мы гасцявалі ў яго, я пераканаўся, што гэта не проста дырэктар-гаспадарнік. Ён дбае не толькі пра ўмалотныя ўраджаі, а клапоціцца, каб у рэчках вадзіліся бабры і рыба, каб у лясах вольна адчувалі сябе вавёркі і зайцы, каб працаўнікі саўгасных вёсак спявалі задушэўныя, бадзёрыя песні. А сам Рыгор Уладзіміравіч, калі душа напоўніцца пачуццямі, складае вершы. Некаторыя з іх ужо надрукаваны ў рэспубліканскіх газетах і часопісах. Вось як ён піша пра сваю вёску:
Прытулілася да лесу
Вёска родная мая,
Патанула ў кветках бэзу,
У дзіўных песнях салаўя…
Фос і Бек
Было б цікава даведацца пра прыгоды, напрыклад, Фоса і Бека. Гэта маглі быць казачныя зайчыкі ці вожыкі, мядзведзікі ці барсучкі. Але ж такія дзівосныя провішчы ў некаторых жыхароў раёна.
Здаецца, нідзе, як тут, не сустракаў столькі загадкавых прозвішчаў. У розных ельскіх паселішчах жывуць Сыч і Лін, Цыц і Гуд, Цык і Жум, Чух і Зіс. Што азначаюць яны, не ведае ніхто, але ж у аснове іх закладзены нейкі сэнс. От бы даведацца!
Мне запомніліся і іншыя прозвішчы. Асабліва вось гэтыя, у якіх чуецца пяшчота, ласкавасць: Коцік, Карасік, Пузік, Глазка, Нядзелька, Кукалка, Лелік, Гуня, Малюк, Малец, Матузка.
Хацелася б сустрэцца калі-небудзь ды пазнаёміцца з Бубольцам, Гарагулем, Дайняком, Лідзерам, Пятрухнам, Бубенам, Дудой. А Любіны ды Ленкіны, відаць, распавялі б пра тайну свайго радаводу.
Прызнаюся, мне прыемна было сустрэцца і пасябраваць з маім аднафамільцам Ліпскім Якавам Дзмітрыевічам. Ён шмат гадоў працуе дырэктарам Ельскай дапаможнай школы-інтэрната. Сваёй дабрынёй і шчырасцю, сваім багатым педагагічным вопытам выводзіць у людзі дзяцей, пакрыўджаных лёсам.
Сасна-помнік
Едзем па мясцовай шашы. Мільгаюць, бягуць назад даўгастволыя сосны. І раптам наш гід просіць шафёра тармазнуць.
Непадалёк ад дарогі – дзіва прыроды. Расце сасна, можа, адзіная такая на ўсю Беларусь. На вышыні двух метраў яна разгаліноўваецца на пяць ствалоў. Жаўтлява-агністымі свечкамі цягнецца ўверх незвычайная сасна. Кажуць, аднойчы гарэў тутэйшы лес. Але агонь прыпыніўся перад гэтым загадкавым дрэвам і далей не пайшоў.
Калі захочаце ўбачыць лясное дзіва, шукайце яго ў бары паміж вёскамі Кочышчы і Вішанькі.
Дамашнія заданні
- З якой краінай суседнічае Ельскі раён?
- Ці праходзіць па Ельшчыне чыгунка і куды па ёй можна заехаць?
- Шмат вядомых людзей нарадзіла ельская зямля. Вёска Дабрынь – радзіма генерала артылерыі Агея Канавода, у вёсцы Мядзведнае нарадзіўся мастак Міхаіл Засінец. З вёскі Востраў – доктар біялагічных навук, прафесар Валянцін Валетаў. Разгадайце рэбус і вы даведаецеся прозвішча мужнага пісьменніка, які, трапіўшы ў аўтамабільную аварыю, выжыў, не страціў веру ў сябе і свой талент.
капыты“ ,аловак“ ,мяч