Лавіся, рыбка, вялікая і маленькая!
Вось і наступіла лета. У лузе вабяць сваім рознакаляровым хараством кветкі, у лесе неўзабаве з’явяцца суніцы. А якое раздолле на рэчцы! Купайся, загарай, лаві рыбу разам з дарослымі. А вуды ў рыбакоў ужо даўно, відаць, падрыхтаваны. Так што ўдалага лову вам усім, сябры!
Анатоль ЗЭКАЎ
РЫБАКІ
Сябрукі Рыгорка і Вінцэсь
Рыбу вудзілі ў рацэ.
Налавілі плотак горку
Рыбакі – Вінцэсь з Рыгоркам.
РЫБА І РЫБ
Вось дык дзіва для Піліпа!
То ж не ўцяміць аніяк:
Калі плотка – гэта рыба,
То чаму не рыб – шчупак?
ПЕЧКУРАНЯТЫ
Падручнік ленавата
Чыталі печкураняты.
Каб не папруга печкурова –
Не запомнілі б ні слова.
НЕБЫЛІЧКА
Вугор купаецца ў Няве,
Сярод акул мянтуз жыве,
Сом загарае на Гаваях,
Сябруе плотачка з кітамі…
Бывае так ці не бывае,
Вы раскумекайце ўжо самі.
Галіна НІЧЫПАРОВІЧ
КОЦІК ФІЛЯ
Ай-я-яй, які свавольнік!
Як сапраўдны вадалаз,
Коцік Філя рыбку ловіць,
Запусціўшы лапку ў таз.
Хоць гарэза добра знае,
Што за гэта атрымае!










