Юбіляр
“Вясёлка” сардэчна запрашае ўсіх-усіх на юбілейныя сустрэчы. У маі гэтага года спаўняецца сто гадоў заснавальніку нашага часопіса, любімаму пісьменніку юных чытачоў Васілю Вітку (Цімоху Васільевічу Крысько, нарадзіўся ў 1911, памёр у 1996 годзе). Кожны месяц, ажно да юбілею, рэдакцыя будзе знаёміць сваіх сяброў з жыццём і творчасцю славутага паэта.
На нашы святочныя сустрэчы, верым, завітаюць дзядулі і бабулі. Яны былі першымі чытачамі Віткавай “Вясёлкі”. Разам з вамі, сябры, прыгадаюць сваё маленства з “Вясёлкай” вашы таты і мамы, старэйшыя браты і сёстры. А вы, нашы сённяшнія чытачы, даведаецеся шмат цікавага пра Васіля Вітку – чарадзея мастацкага Слова.
Мне пашчасціла атрымліваць ад Васіля Віткі жаданыя падарункі – яго кнігі. На адной з іх рукой мудрага казачніка напісана: “Дарагому Уладзіміру Ліпскаму, майму сабрату па службе дзецям”.
Я безмежна шчаслівы, што шмат гадоў працягваю рэдактарскую справу Васіля Віткі ў “Вясёлцы”. Мы, вясёлкаўцы, робім усё, каб наш беларускамоўны часопіс, як таго хацеў Васіль Вітка, нястомна вучыў чытачоў шчыра любіць сваю Айчыну – мілую Беларусь. Мы шануем Віткава замілаванне роднай мовай. Змаглі згуртаваць вакол “Вясёлкі” вядомых пісьменнікаў, кампазітараў, мастакоў нашай краіны. За лепшыя творы для дзяцей яны штогод атрымліваюць прэмію імя Васіля Віткі і медаль з яго выявай.
Юбілей Васіля Віткі – гэта юбілей вашага слыннага Паэта, Казачніка, мудрага Настаўніка, вернага Сябра. Як жа хочацца, каб вы ўпусцілі ў сваю душу яго трапяткое, узнёслае, трапнае мастацкае Слова!
Хай жа ў вянок памяці незабыўнаму Васілю Вітку ўплятуць свае пачуцці тысячы новых падпісчыкаў “Вясёлкі”.
Уладзімір ЛІПСКІ,
галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка”