Да Петрыкава – ні хмурынкі, ні ветрыка…
Белая чайка над Прыпяццю ўецца,
Мірна сінее ў палях васілёк.
Матчынай ласкай сагрэе мне сэрца
Петрыкаў мой, дарагі гарадок.
Іван Самахвалаў
Ключы ад гісторыі
Ключы бываюць розныя.
Ключы для замыкання і адмыкання замкоў, якія ставяцца ў хатах, кватэрах, катэджах. Ёсць ключ гаечны, прыродны, птушыны, музычны. Ці ведаеце вы іх адметнасць, значымасць?
А вось у гербе Петрыкава – ажно два ключы. Адзін на чырвоным полі – залацісты, “галоўкай” уверх. А другі на блакітным полі – срэбны, “галоўкай” уніз. Гербавыя ключы па сваёй знешняй форме адразу нагадваюць пра сваю старажытнасць. Яны як бы ключы ад самой гісторыі гэтага запаветнага куточка Палесся. А калі ўлічыць, што па легендах Петрыкаў існуе з дзясятага стагоддзя, то можаце ўявіць, якія б тайны маглі адамкнуць залаты і срэбны ключы гэтага горада.
Хай жа вам, юныя чытачы, захочацца калі-небудзь пакарыстацца гэтымі ключамі. І вы станеце сапраўднымі багацеямі на гістарычную спадчыну сваёй малой радзімы.
Легендарны дзед
Дзед Талаш з вёскі Белка пражыў сто два гады. Быў ён моцны і сілай, і характарам. Кажуць, калі вітаўся з кім-небудзь за руку, той прысядаў ад поціску. І характар дзед меў круты, ваяўнічы. Пра гэта добра ведалі ворагі, якія завітвалі на яго Петрыкаўшчыну.
Поўнае імя легендарнага дзеда – Васіль Ісакавіч Талаш. Яго баявыя подзвігі ўславіў народны пісьменнік Беларусі Якуб Колас у сваёй аповесці “Дрыгва”. Вось так палескі мужык-волат стаў вядомым на ўвесь свет. Мужны партызан часта выступаў перад дзецьмі, умела апавядаў пра свой удзел у партызанскім руху, заўсёды павучаў моладзь:
– Калі стараешся дзеля людзей, то людзі цябе абавязкова ўспомняць. А памяць людская – найдаражэйшая рэч: у агні не гарыць, у вадзе не тоне, перад подыхам часу не пасуе…
Так жыў сам дзед Талаш. І людзі ўславілі яго подзвіг. У Мінску і Петрыкаве ёсць вуліцы яго імя. Вядомы скульптар Заір Азгур стварыў яму помнік. Пра легендарнага дзеда ёсць п’еса, кінафільм, мастацкія карціны. Паэт Міхась Машара яшчэ ў гады вайны напісаў верш “Дзед Талаш”:
Партызаніў дзед калісьці,
вызваляў зямлю сваю,
бо чым быць рабом фашыстаў,
лепш загінуць у баю.
Мост на Пцічы узарвалі,
прыняла цягнік рака.
Мае сэрца дзед са сталі,
не дрыжыць яго рука…
Трэба помніць
Вядомы паэт Анатоль Грачанікаў у свой час працаваў галоўным рэдактарам “Вясёлкі”. У вайну трапіў у петрыкаўскую вёску Ляскавічы. Там фашысты трымалі лагер для дзяцей, у якіх бралі кроў для сваіх салдат. Пра гэта паэт напісаў “Крывавую баладу”, якая пачынаецца радкамі:
Ні хмурынкі, ні ветрыка
Ад Ляскавіч да Петрыкава…
Балада прысвечана светлай памяці аднагодкаў. Сведка вайны Анатоль Сямёнавіч Грачанікаў прыгадвае, як гыркалі на іх аўчаркі, як канваіры прытушвалі аб іх далоні свае цыгаркі, як іх прывязвалі да шулы, як крывавы шпрыц ворага “біў у сэрца прама”.
Такія ж лагеры для дзяцей ворагі стварылі ў вёсцы Свабода, у горадзе Петрыкаве. Праўду пра вайну трэба ведаць.
Давайце помніць людзей, якія загінулі, каб мы жылі. Пабывайце каля брацкай магілы воінаў Чырвонай Арміі ў Петрыкаве, каля помнікаў загінуўшым у вёсках Барычаў, Вялікія Сялюцычы, Людзвінаў, Хвойня, Пціч, Бобрык, Бабунічы, Конкавічы, Гарадзішча, Бяседкі, Церабаў, Мышанка, Новыя Галоўчыцы, Багрымавічы, Хуснае, Міхедавічы, Галубіца, Ляскавічы…
Партрэт у прозвішчах
Калі вядомы мастак Аляксей Кузьміч маляваў мой партрэт, мне цікава было назіраць, як ён падбіраў фарбы. Часта змешваў адну з другой, і атрымлівалася зусім новая, нечаканая і арыгінальная.
Якімі ж фарбамі намаляваць мне агульны партрэт петрыкаўцаў? І я вырашыў пакарыстацца прозвішчамі. У іх закадзіраваны ўсе адценні, колеры і нават характар палешукоў.
Адвечная галеча, галыцьба, бяднота адбіліся ў прозвішчах Голік, Галота, Галецкі, Галеня, Лапцеў, Сухарэнка, Сухоцкі.
На Палессі, сярод балотаў, пішуць гісторыкі, жылі людзі дробныя, непаседлівыя, мудрыя. Дык і прозвішчы сучаснікаў сведчаць пра гэта. У раёне і цяпер жывуць Малышавы, Кароткія, Мігуны, Сігачы, Ходзькі, Шчаўлікі, Шчурыкі, Віхляевы, Сядзельскія, Скорыя, Шпарыкі, Плыткевічы.
Свае фарбы ў партрэт дадаюць Гузоўскія, Гладкія, Дабрынскія, Бамбізы, Хмурыя, Піскуновы, Маргуны, Чмыхуны, Губчыкі, Шумскія.
Адметнае адценне ўносяць у агульны малюнак палешука Галаваны, Лабановічы, Мудрыкі, Багачы, Саладухі, Сыцькі, Гралькі і Любімавы.
Цікава, якімі былі, якімі ёсць Чычыкайлы, Пундзікі, Каюкалы, Пацярайлы, Найдзёны, Баўкалы?
Дамашнія заданні
- Якая галоўная рака Палесся працякае па землях Петрыкаўскага раёна? Якія прытокі яна мае?
- У раёне – 126 населеных пунктаў: горад Петрыкаў і вёскі. Ёсць і гарадскі пасёлак. Як ён называецца?
- Сярод вядомых людзей Петрыкаўшчыны – дыпламат, палітык, дэпутат Ніна Мікалаеўна Мазай, паэты Сяргей Дарожны, Алесь Дудар. Гонарам землякоў з’яўляецца беларуская пісьменніца, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі – ураджэнка вёскі Бабунічы. Разгадаўшы рэбус, даведаецеся яе прозвішча. Знайдзіце і пачытайце яе кнігі “Ключы ад Сезама”, “Дзівасіл”.
Уладзімір Ліпскі