Наталля БУЧЫНСКАЯ. Лепісін і Быляк: Вітамінныя чалавечкі
Знаёмцеся! Гэтых малюпусікаў завуць Лепісін і Быляк. Лепісін жыве сярод апельсінаў. А Быляк — сярод яблыкаў. Яны сябруюць. Кожны заняты справай — сочыць, каб дзеці елі дастаткова яблыкаў і апельсінаў. У іх шмат вітамінаў! Калі дзеці мала ўжываюць вітамінаў, Быляк і Лепісін ходзяць сумныя і панурыя. І склікаюць адзін другога на нараду. Сёння вітамінныя чалавечкі шукаюць спосаб засцерагчы дзяцей ад алергіі.
Быляк уладкаваўся нанач у вялікім яблыку. Вочы зліпаліся, пазяхалася штохвіліны, а заснуць не мог. Данімала нейкае бубненне над вухам. Час быў позні. Быляк вызірнуў са схованкі. На кухні нікога, а тэлевізар працуе. Чалавечак хацеў выключыць надакучлівую скрыню. Але ішла перадача пра яго любімыя яблыкі! Быляк натапырыў вушы.
— Многія краіны пачалі апрацоўваць яблыкі хімікатамі, — расказвала вядоўца. — Гэта спрыяе іх добраму захоўванню праз зіму. Яблыкі выглядаюць прыгожымі і апетытнымі! Але тыя, хто іх есць, пачынаюць пакутаваць на алергію. Асабліва дзеці!
Быляк захваляваўся. Ён ведаў, што такое алергія! На шчочках высыпаюць чырвоныя балячкі, яны чэшуцца, дзеці капрызяць. А калі дзеці капрызяць, яны не хочуць гуляць, бегаць і скакаць. І растуць марудна!
Як так? А ён збіраўся раніцай падсунуць смачны яблык хлопчыку, што жыў з бацькамі ў гэтай кватэры! Славік любіць яблыкі, яго і ўгаворваць не трэба. З’есць кашу, пасля яблыкам падмацуецца! А Быляк з замілаваннем паглядае на гэта і цешыцца.
Па тэлевізары далей расказвалі пра шкодныя і не шкодныя спосабы захавання яблыкаў. (*Не ўсе яблыкі апрацоўваюць, не пужайцеся! Тыя, што выраслі ў садах вашых бабуль і дзядуль, хутчэй за ўсё, нічым не апрацаваныя! Але і іх трэба мыць!) Але Быляк ад узрушэння больш нічога не чуў. Ён падхапіў заплечнік і кінуўся да Лепісіна — за парадай.
— Тук-тук! — пагрукаў Быляк у дзверы.
— Што грукочаш? — усклікнуў Лепісін, адчыняючы. — Ажно вушы залажыла!
— Не да тваіх вушэй, дружа! Тут такое робіцца!
Быляк хуценька пераказаў навіну. І дадаў:
— Нават чарвячкі ды мошкі такія яблыкі не чапаюць. Баяцца алергіі. І як цяпер дзяцей яблыкамі карміць? Як ім у вочы глядзець? — ледзь не плакаў Быляк.
— А калі мыць яблыкі перад ежай? — спытаў Лепісін.
— Мыць – абавязкова! Але ці дапаможа?
Апельсінавы чалавечак адсунуў талерку з амаль аблупленым ад скуркі апельсінам, зняў з гачка халат. Усе важныя пытанні Лепісін і Быляк вырашалі, апрануўшы белыя халаты. Так ім лепш думалася.
Быляк таксама ўбраўся ў халат і паклаў на стол прыгожы яблык, які ён паспеў набыць у краме. Малюпусікі дасталі скрыначкі з міні-лабараторыямі, і пачаліся доследы над яблыкам. У кожнага меўся вітамінавымяральнік. Ён паказваў і карысць, і шкоду, якую можа прынесці садавіна.
Мылі яблык з мылам. Церлі шчоткай. Прасвечвалі яго кварцавай лямпай. Пасыпалі содай. Мазалі зялёнкай. Мучыліся самі і мучылі яблык. А хімічная апрацоўка ніяк не паддавалася. І раптам Лепісіну прышла ў галаву геніяльная думка! Ён падсунуў пад вітамінавымяральнік напалову абабраны апельсін.
Прыбор паказаў цікавы вынік: скурка апельсіна пульсавала небяспечным для садавіны сінім святлом. Значыць, апельсін быў таксама апрацаваны хімікатамі. Затое абабраныя долькі свяціліся карысным жоўтым святлом!
Лепісін паскроб у патыліцы.
— Відаць, апельсіны таксама апрацоўваюць хімікатамі. Але абабраны апельсін ужо не шкодны!
— Ну-тка, праверым! — зацікавіўся Быляк і, схапіўшы невялічкі ножык, абрэзаў з яблыка скурку. Знятая скурка пад вітамінавымяральнікам таксама свяцілася сінім. А абабраны яблык — жоўтым!
Лепісін і Быляк паціснулі адно адному рукі. Яны далі рады праблеме! Засталося толькі прывучыць усіх дзяцей, іх мам і тат, бабуль і дзядуль абіраць скурку з яблыкаў.
Раскажы пра гэта сваім сябрам. Так ты дапаможаш Быляку і Лепісіну і ўратуеш некага ад алергіі!