Кацярына ХАДАСЕВІЧ-ЛІСАВАЯ. ЗАЛАТЫ БАЛЬ
Юная князёўна Сафія трымала ў руках асабістае запрашэнне на Залаты баль ад караля суседняй дзяржавы. Унурылася паненка, бо паехаць не выпадала. Але як адмовіць каралю, які год таму дапамог ёй уратаваць яе княства ад варожага захопу? Хіба можа яна так няўдзячна не прыняць запрашэнне?
Сумныя ўспаміны агарнулі Сафію. Маці яе сустрэлася з вечнасцю, калі маленькай Сафійцы ўсяго два гадочкі было. Памятала яна толькі матуліну ласкавую ўсмешку і яркія блакітныя вочы. А яшчэ як мама адбымала, і ад гэтага на сэрцы было так хораша. Два гады таму не стала любага таты… Засталася Сафія гаспадыняй у вялікім палацы і лягла на яе крохкія плечы адказнасць за княства. Спраўлялася Сафія са сваімі абавязкамі, старалася бацькаву спадчыну годна берагчы. Любілі людзі сваю князёўну, працавалі старанна, верай ды праўдай ёй служылі. Год мінуў, як уладарыла юная гаспадыня. Княства ў росквіце – як і пры бацьку яе было. А потым бяда прыйшла. Напала на народ хвароба страшэнная. Касіла людзей пошасць лютая. Ратавала Сафія свой народ, нічога не шкадавала. Скарбніцу княскую пусціла на дарагія лекі з-за мяжы, палац свой у шпіталь ператварыла і сама хворым дапамагала. Неяк перамаглі тую пошасць лютую, але шмат народу яна ў ахвяру сабе забрала. Нездарма кажуць, бяда не прыходзіць адна — той год неўраджайны стаўся. Пагражаў княству страшэнны голад. На астатнія грошы купіла князёўна хлеба, каб перажылі людзі цяжкія часы. І куфэрак з каштоўнасцямі, якія ў спадчыну ад матулі атрымала, прадала. Хоць цяжка было з памятнымі рэчамі расставацца. Апошнім, пацалаваўшы бліскучы камень, пярсцёнак мамін заручальны аддала. Не пашкадавала каштоўнасць, бо на блакітныя дыяменты, якімі быў інкруставаны пярсцёнак, можна было людзей ад галоднай смерці выратаваць.
Мінула цяжкая зіма, і калі здавалася, што вясна дасць новыя сілы і надзеі, адбылося страшнае. Падступны князь-сусед напаў са сваім войскам на землі Сафіі, захацеў уладанні свае пашырыць. Пасля пошасці ваяроў у князёўны было мала, сілы няроўныя. Мужна біліся людзі за родную зямлю, за любімую ўсімі князёўну Сафію. Не чакаў вораг такога супрацьстаяння! З новымі сіламі напаў прагны да чужога князь-сусед. Не здаваліся ваяры Сафіі, але, пэўна, не адолелі б ворага. Ды прыйшоў на падмогу другі сусед, князь Стамір, з якім бацька Сафіі добра сябраваў. Разбіў ён ворага, уратаваў княства.
Ледзь выжыў тады народ, але здолеў і хлеб пасеяць, і ўраджай сабраць, і зіму перазімаваць.
А цяпер добры князь-сусед кліча Сафію на баль.
— Паважаны чалавек заве на госці, але не да танцаў мне! – уздыхнула князёўна і аддала світак-запрашэнне з пячаткай князя сваёй служанцы.
— А мне думаецца, трэба паехаць! – прашаптала тая. – Даўно Ваша Мосць на танцах не была! Столькі ўсяго цяжкага ды страшнага адбылося… Але прайшло! Самы час адпачыць, патанцаваць!
Сафія на імгненне летуценна паглядзела на бліскучы паркет і згадала, як некалі і тут балявалі, танцавалі. Было весела і святочна, ды амаль забылася гэта.
Засмуцілася князёўна:
— Мне і самой вельмі няёмка адмаўляць князю Стаміру, я б і патанцаваць хацела, але… мне і апрануць няма чаго.
— Зробім! Пашыем! Прыбяром Вашу Мосць! – замітусілася служанка. – У нас такія краўчыхі цудоўныя! Справім лепшую сукенку!
Але князёўна не спяшалася радавацца:
— Сукенка – гэта добра, але не проста на танцы клічуць. У запрашэнні напісана, што адбудзецца Залаты баль у гонар паўвекавога княжання гаспадара. На такіх балях жаніхоў ды нявест выбіраюць. Усе госці будуць у залатых упрыгажэннях. Паненкі зазіхацяць, адна перад адной зафарсяць каштоўнымі ўборамі, каб пасаг свой паказаць. А ў мяне і сціплага пярсцёнка няма. Не месца мне на тым раскошным балі.
Крыўдна стала служанцы за сваю гаспадыню. Былі ж у яе і пярсцёнкі, і завушніцы, і бранзалеты, але ўсё змяняла на лекі ды хлеб для людзей. І вырашыла служанка ў народа дапамогі прасіць. А людзі кемлівыя, для сваёй князёўны нешта ды прыдумаюць! Толькі б згадзілася ехаць…
Прысніліся ўначы Сафіі бацькі і сказалі, каб яна на баль збіралася, а там пульс ёй усё падкажа. Нічога не зразумела князёўна, але прыняла рашэнне адправіцца на госці да князя Стаміра.
А народ ужо стараўся для сваёй князёўны! Раніцай прыйшла ў палац ва ўсім княстве вядомая майстрыца Алена. І паабяцала зрабіць князёўне Сафіі найлепшыя ўпрыгажэнні з роднага золата.
Некалькі дзён і начэй няспынна і без стомы працавалі чароўныя рукі Алены. Яна ладзіла выкшталцоныя ўборы, якіх ні ў кога больш не было! Увесь талент укладала Алена, усю фантазію ўвасабляла. Над золатам ціха спявала яна свае дзівосныя песні, каб гожым быў кожны залацісты выгін. А лепшыя краўчыхі тым часам шылі ўбор. Збіраў народ сваю князёўну на Залаты баль!
Як апранула Сафія сукенку – дзяўчаты-служанкі залюбаваліся. Стройны грацыёзны стан князёўны падкрэсліваў сіні колер аксаміту.
— Такое адценне маюць азёры нашага княства! – сказалі краўчыхі.
— Туфлі новыя вам, Ваша Мосць! – сказала служанка князёўны і паставіла перад гаспадыняй прыгожы абутак.
— Выдатна наш малады шавец пастараўся! – шапталі дзяўчаты.
Прымерыла Сафія туфлі – роўна па ёй шылі!
Усе чакалі Алену – залатых спраў майстрыцу. Яна з’явілася ў прызначаны час і прынесла князёўне куфэрак.
— На Вас, панна Сафія, будзе зіхацець саламянае золата роднай зямлі. Ні ў кога больш не будзе такіх упрыгажэнняў! – сказала Алена і расчыніла куфэрак.
Яна надзела на галаву Сафіі княжацкую тыяру, выкшталцоныя доўгія завушніцы падкрэслілі прыгожую шыю князёўны, плецены пояс абвіў тонкі дзявочы стан. Усе сціхлі. Такой дзівоснай была зараз гаспадыня – вачэй не адвесці!
— Лепшае золата, якое я калі-небудзь бачыла! Дзякуй, майстрыца Алена! – шчыра сказала князёўна і падумала: – Да гэтага ўбору так пасаваў бы мамін пярсцёнак з блакітнымі дыяментамі…
Для князя-гаспадара Алена падарунак таксама падрыхтавала. Павязе князёўна Сафія залаты куфар, а ў ім анёл з золата сплецены.
І выправілася Сафія ў суседняе княства ў старажытны горад Лаўезас на Залаты баль. Вельмі хацелася ёй патанцаваць, з добрым суседам пабачыцца, да жыцця вярнуцца пасля ўсіх навал, якія здарыліся за апошні час. І пульс пачуць, пра які бацькі ў сне сказалі…
На гэта раскошнае свята збіраліся ўсе высакародныя паненкі. Штогод князь такі баль ладзіў, на ім нявест прыглядалі. Як рыхтаваліся дзяўчаты! Усе краўцы-шаўцы стваралі найшыкоўныя багатыя вырабы, каб уразіць раскошай ды знайсці жаніхоў. Самым зайздросным быў бы сын гаспадара – малады князь Стэфан, але ён некалькі гадоў таму паехаў за мяжу, каб вучыцца ва ўніверсітэце і асвоіць вайсковую навуку. Меркавалі паненкі, што можа вернецца ён да Залатога балю. Свята ж вялікае – паўстагоддзя яго бацька ўладарыць. Шукалі позіркі паненак маладога князя Стэфана, але не знаходзілі. Калі яго з-за той мяжы дачакаешся? А можа ён там сабе нявесту знойдзе? Так разважалі паненкі і выбіралі сабе жаніхоў з тых, хто тут, на месцы.
Залаты баль пачынаўся. У танцавальную залу госці ўваходзілі павольна, бо цяжар упрыгажэнняў не дазваляў рухацца лёгка. Віталі гаспадара і шчодрыя залатыя падарункі яму падносілі. Вось і князёўна Сафія шчыра ўсміхнулася князю прамяністай усмешкай і паставіла перад ім куфэрак. Лёгка адчыніла вечка, дастала залатога анёла і сказала:
— Няхай ён аберагае вас, шаноўны князь, як вы абераглі маю родную зямлю! З яе золата і зроблены гэты цуд.
Вельмі спадабаўся гаспадару незвычайны падарунак. Узяў ён анёла ў рукі:
— Хараство якое! Усё ў ім спалучылася: золата тваёй радзімы, Богам падараваны талент народнага майстра і твая, князёўна, шчырасць. Дарагі сэрцу падарунак, дзякую!
Госці разглядалі саламяны сувенір, які больш за іншыя дары ўразіў князя. А пасля пачаліся танцы. Першым – паланэз! Гожа гралі выпісаныя з-за мяжы музыкі, адна мелодыя змянялася другой, баль набіраў тэмп. Няпроста было паненкам танцаваць, бо цяжкія залатыя ўпрыгажэнні стрымлівалі рухі, дыядэмы, што ззялі на галовах красунь, пагражалі зваліцца. А Сафія лёгка плыла па бліскучым паркеце залы, яна наталялася танцамі, слухала сэрцам чароўную музыку. Асабліва падабалася ёй скрыпка, якая, здавалася, ажыла і спявала ў руках маладога музыкі. Ён не вельмі зважаў на танцораў. Яго антрацытавага колеру капялюш, упрыгожаны чорнымі лёгкімі пёрамі, закрываў палову твару. Раз-пораз паглядаў музыка ў залу, а потым яго ўвага вярталася да скрыпкі. Паненкі пачалі стамляцца, але не сыходзілі з пляцоўкі, бо лепшых жаніхоў разбяруць!
А неўпрыкмет для ўсіх з трох бакоў залы стаялі мастакі. Гаспадар сакрэтна даручыў кожнаму з іх выбраць і намаляваць самую прыгожую паненку, бо ведаў, што яны здольныя распазнаць не толькі знешнюю, але і ўнутраную прыгажосць. Хацеў князь Стамір сыну нявесту прыгледзець, а як з-за мяжы вернецца, няхай сам вырашае, ці падыйдзе яму якая паненка з партрэта. Давяраў князь адчуванню сталага мастака Данілава – той убачыць наколькі светлая душа дзяўчыны. Хацеў гаспадар мець меркаванне маладога майстра хуткіх замалёвак Аляксея, які віртуозна малюе танцы і праз гэты свой навык абярэ самую шчырую паненку, бо праз танец раскрываецца шчырасць. Цікава было князю даведацца і жаночы погляд на прыгажосць мастачкі Анастасіі. Яе інтуіцыя не падводзіць, абраная ёю натуршчыца будзе мець добрае сэрца.
Стаміліся танцоры, дый музыкам настаў час адпачыць. Гаспадар зрабіў перапынак і абвясціў гасцям пра прыемны сюрпрыз:
— Шаноўнае спадарства! Я запрасіў для вас астранома! Навуковец прывёз свой тэлескоп і зараз у нас будзе магчымасць паглядзець на поўню, якая ярка зіхаціць на аксамітным начным небе.
Госці і музыкі выйшлі ў сад, дзе астраном прапанаваў паназіраць за дзівосным відовішчам. Праз акуляр быў бачны серабрысты круглы месяц, а на ім кратэры і нават моры! Пакуль любаваліся ўсе казачным хараством, пан астраном ім пра месяц ды зоркі расказваў. А паэтэса натхнёна чытала свой верш пра Касмічнага ветра, які заляцаўся да Зоркі-знічкі. Госці замілавана слухалі гісторыю кахання, а пан астраном лагодна ўсміхаўся, ды зазначаў, што казка гэта і ў самім космасе такога не бывае.
У бальную залу госці вярталіся праз ліпавую алею, дзе пані Таццяна – сваячка гаспадара – правяла для ўсіх кароткую экскурсію, расказаўшы пра старажытны княскі парк і апавяла чароўную гісторыю пра дуб і ліпу – закаханыя дрэвы, якія ўжо больш за стагоддзе стаяць разам, у абдымку. І дуб засланяе ліпу ад непагадзі і вятроў, а ліпа цягнецца да яго сваімі галінамі. Напрыканцы дадала пані Таццяна, што да іх можна дакрануцца — на шчасце. Ніхто міма не прайшоў – усе спыняліся і прыкладалі далоні да дрэваў. Не спяшалася Сафія, апошняй прыклала руку і раптам на імгненне ёй падалося, што дрэва запульсавала, нібы сэрца было пад шурпатай карой. Ціха войкнула князёўна ад нечаканасці.
— Ці не я напалохаў вас? – прагучаў глыбокі голас і з-за дрэва паказаўся музыка ў капелюшы, які таксама напрыканцы чаргі падыйшоў да пары закаханых дрэваў.
— Не зважайце, гэта я ў сваіх думках! – адказала Сафія.
— Вы прыгожа танцуеце, – зрабіў камплімент скрыпач.
— Музыка проста чароўная! – сціпла адказала князёўна.
І яны разам з іншымі гасцямі вярнуліся ў палац, дзе ўжо чакалі выкшталцоныя пачастункі і дэлікатэсы, прыгатаваныя лепшымі кухарамі княства і запрошанымі майстрамі з-за мяжы. Адпачылі, падсілкаваліся дамы і кавалеры і іх зноў паклікала ў танцавальную залу музыка. З кожным новым танцам усё больш гасцей сыходзілі з паркету і займалі месца гледачоў на лавах. Апошняй парай былі гаспадар і Сафія. Як скончыўся танец, князь Стамір сказаў:
— Дзякую, дарагія госці, што завіталі на мой баль, што танцавалі і весяліліся! Спадзяюся, добра вам было. Ці смачнымі сталіся пачастункі?
Госці адабральна загаманілі.
— Цікавыя былі забавы? – запытаўся гаспадар.
— Да месяца ледзь рукой не дасталі! На моры на ім палюбаваліся! Касмічныя вершы пачулі! Да дрэваў шчасця дакрануліся! – захапляліся ўсе.
— А што пра музыку скажаце? – падміргнуў князь Стамір.
— Найвыдатнейшыя музыкі! Скрыпач – чараўнік! – прагучалі водгукі і апладысменты.
Наперад выйшаў скрыпач і, у лёгкім паклоне схіліўшы галаву, сказаў:
— Дзякую за добрыя словы! Для вас граў сэрцам! Раскошны Залаты баль, тата!
І музыка зняў з галавы капялюш. Князь Стамір на імгненне не паверыў вачам, а потым раскінуў рукі для абдымкаў:
— Сын! От штукар! Як прыдумаў… А на скрыпцы як выдаваў! Ну малайчына!
— Вярнуўся! – віскнулі дзявочыя галасы.
Малады князь шчыра ўсміхнуўся і сказаў:
— Хацелася для вас, спадарства, граць! За мяжой не толькі вучыўся ды ваенную справу спасцігаў, але і скрыпкай паспрабаваў авалодаць. А зараз мне б таксама хацелася вальс станцаваць. Прашу ўсіх далучыцца!
І малады князь рушыў да гасцей, каб запрасіць адну-адзіную на танец. Стомленасць паненак імгненна знікла, а сэрцы затахкалі ў чаканні-спадзяванні! Як усхвалявана яны сачылі, да каго ж ён пойдзе. Сафію выбраў Стэфан. Яны плылі-ляцелі пад гукі вальса над паркетам, іншыя танцоры ўтварылі вакол іх кола. Шчыра любаваліся госці на гэтую пару. А Сафія адчула, як пад рытм музыкі, зусім злёгку, рука князя сціскае яе далонь. Нібы стук сэрца. І яна згадала свой сон. Вось ён, пульс, пра які казалі бацькі. Гэты пульс яна адчувала зараз ад рукі Стэфана і крыху раней у парку, прыклаўшы далоні да закаханых дрэваў. І яе сэрца білася ў такім самым рытме. Рытме шчасця.
Спадабаўся князю-гаспадару выбар сына. І цікава было на работы жывапісцаў паглядзець. Каго ж яны намалявалі? На мальберце сталага мастака Данілава была Сафія – яна трымала ў руках залатога анёла. На малюнку маладога майстра хуткіх замалёвак Аляксея – таксама Сафія – застыла ў грацыёзным руху і здавалася, вось-вось закружыцца і саскоча з малюнка. І Анастасія ўвасобіла Сафію – князёўна дакраналася далонямі да шурпатай кары закаханых дрэў і ў вачах яе было столькі пяшчоты і дабрыні… А тут і архіварыус пан Зміцер з’явіўся, які старанна княскі радавод запісваў, дрэва сямейнае з мінулых стагоддзяў дапаўняў. Адчуў, што настаў час дадаць у яго новае імя.
Наступны баль у гэтым княстве быў вясельны. Ажаніліся Стэфан з Сафіяй. У царкве, як вянчаліся, надзеў жаніх нявесце на палец самы дарагі ва ўсім свеце пярсцёнак – з блакітнымі дыяментамі. Выкупіў той самы, мамін.
Шчодра і шырока святкавалі вяселле абодва княствы. І просты люд частаваўся і гуляў. Доўга і шчасліва жылі Сафія і Стэфан, мудра правілі. Сям’я ў іх была вялікая і дружная, землі і народ іх дабрабыт мелі.