Віншуем з Днём роднай мовы!
Ніл ГІЛЕВІЧ
Родная мова
Мова родная мая ты,
Што і дзедавай была.
Мова мамы, мова таты,
Мова нашага сяла!
Ты звініш, калі я ўранку
Чую песні за акном,
І журчыш, як баіць байку
Мне бабуля перад сном.
Разгарну буквар вясёлы, —
Зноў са мной гаворыш ты,
Мілагучная заўсёды,
Як званочак залаты!
Уладзімір ДУБОЎКА
РОДНАЯ МОВА, ЦУДОЎНАЯ МОВА!..
Родная мова, цудоўная мова!
Ты нашых думак уток і аснова!
Матчын дарунак ад самай калыскі,
ты самацветаў яскравая нізка.
Кожны з іх барвы дзівосныя мае,
вечным агнём зіхаціць — не згарае.
Ты мне заўсёды была дапамогай,
дзе б і якой ні хадзіў я дарогай.
Чую ў табе перазвоны крыніцы,
чую ў табе і раскат навальніцы,
чую павевы зялёнага бору,
водгулле працы у родным прасторы.
Кожнай драбнічкай ты варта пашаны,
кожнае слова вякамі стварана.
І на вякі яно жыць застаецца,
вечнае так, як народнае сэрца.
У свеце вялікая колькасць цудоўных моў. На некаторых з іх размаўляюць мільёны людзей, іншыя засталіся ў свядомасці толькі некалькіх чалавек. Мовы вабяць сваёй прыгажосцю, непаўторнасцю, мілагучнасцю. Але ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай. На ёй чалавек размаўляе з роднымі, сябрамі. Гэта мова нашай душы. 21 лютага ва ўсім свеце адзначаюць вельмі значнае свята — Міжнародны дзень роднай мовы. Нам, беларусам, у спадчыну засталася ўнікальная мова — жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная. Яе трэба не проста вывучаць і памятаць, на ёй трэба размаўляць. Хаця б адзін дзень у год, месяц, тыдзень. Давайце пачнём сёння!