Да юбілею народнага паэта Максіма Танка
Максім ТАНК
Галінка і верабей
— Галінка-вярбінка, —
Прасіў верабей, —
Мо пакалыхала б
Маіх ты дзяцей?
Галінка не хоча
Дзяцей калыхаць.
— Ідзіце, казулі,
Галінку ламаць!
Казулі не хочуць.
— Ідзіце, ваўкі,
Лавіці, караці
Казуляў такіх,
Якія не хочуць
Галінку ламаць,
Якая не хоча
Дзяцей калыхаць.
Ваўкі не схацелі.
— Прыходзьце, стральцы,
Каб непаслухмяных
Ваўкоў правучыць,
Якія не хочуць
Казуляў караць,
Якія ляняцца
Галінку ламаць,
Якая не хоча
Дзяцей калыхаць…
Пайшлі паляўнічыя
Ў лес на ваўкоў:
Спалохана зверы
Пабеглі з дуброў,
Пабеглі казуляў
Лавіць і караць;
Казулі пабеглі
Галінку ламаць;
Галінка ж вярбінка
Са страху хутчэй
Давай калыхаць
Вераб’іных дзяцей.
З тых дзён без спачынку,
Каб кожны быў рад,
Калыша галінка
Усіх птушанят.
Яўген Скурко (17.09.1912—07.08.1995) за жыццё выдаў вялікую колькасць кніг для дарослых. Частка з іх была прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Значнае месца ў творчасці займалі і дзіцячыя выданні: “Быліна пра касмічнае падарожжа мураша Бадзіні”, “На вясёлкавым кані”, “Ехаў казачнік Бай” і іншыя.