СМЕЛАЯ ПЛОТАЧКА
Анатоль ЗЭКАЎ
Казачная п’еса ў дзвюх дзеях
Дзейныя асобы:
Казачнік
Смелая Плотачка
Шчупак
Старая Плотка
Плоткі
ДЗЕЯ ПЕРШАЯ
КАЗАЧНІК. Жылі-былі ў рацэ плоткі-малодкі. Плавалі чародкай, сваволілі, а днём, калі прыпякала сонца, і на паверхню выскоквалі. Ніхто іх не палохаў. Здавалася, жыць бы так плоткам ды пажываць, плаваць-ныраць і бяды не знаць. Ды раптам даляцела да іх жахлівая чутка.
На сцэне з’яўляецца чародка плотак на чале са Старой Плоткай.
СТАРАЯ ПЛОТКА. Вы чулі? Вы чулі? У нашым рачным царстве аб’явіўся злосны Шчупак! Не адна ўжо безабаронная плотка трапіла ў яго ненажэрную пашчу. Лютуе драпежнік, і ніхто яго адужаць не можа.
СМЕЛАЯ ПЛОТАЧКА. Як гэта ніхто? Я ведаю, як ад Шчупака ўратавацца.
СТАРАЯ ПЛОТКА (здзіўлена). Ты, малеча? Цікава-цікава… Ну і як?
СМЕЛАЯ ПЛОТАЧКА. Трэба з ім пасябраваць!
СТАРАЯ ПЛОТКА. Глупства ты вярзеш! Ад такога сяброўства нават лускі не застанецца.
СМЕЛАЯ ПЛОТАЧКА (пакрыўджана). А вось і няпраўда. І луска застанецца, і Шчупак звядзецца. І я вас хутка пераканаю ў гэтым.
СТАРАЯ ПЛОТКА. Ну, давай, давай. Толькі, перш чым да Шчупака ў сябры напрошвацца, з намі, суродзічамі сваімі, не забудзь назаўжды развітацца.
СМЕЛАЯ ПЛОТАЧКА. А навошта развітвацца? Мы яшчэ сустрэнемся! Так што — да сустрэчы! (Знікае.)
ЗАЦЯМНЕННЕ
ДЗЕЯ ДРУГАЯ
Воддаль плавае Шчупак. Да яго падплывае Смелая Плотачка.
СМЕЛАЯ ПЛОТАЧКА. Прывітанне, рачны наш цар Шчупак!
ШЧУПАК. Прывітанне, калі не жартуеш. Чаго завітала?
СМЕЛАЯ ПЛОТАЧКА. Хачу пасябраваць з табой!
ШЧУПАК (убок, сам сабе). Во дурніца. Хіба яна не ведае, якое сяброўства можа быць між намі? Ды куды мне спяшацца? Праглынуць яе яшчэ паспею. Пакуль жа цікава, што гэтая малеча задумала. (Да Плотачкі). А сябраваць — гэта як?
СМЕЛАЯ ПЛОТАЧКА. Гуляць будзем з табой.
ШЧУПАК. А што за гульня?
СМЕЛАЯ ПЛОТАЧКА. Даганялкі. Я буду ўцякаць, а ты — даганяць.
ШЧУПАК. А калі даганю?
СМЕЛАЯ ПЛОТАЧКА. Тады ўсё будзе наадварот: уцякаеш ты, а даганяю я.
ШЧУПАК (убок, сам сабе, хітра ўсміхаючыся). Наўрад ці табе гэта ўдасца, даражэнькая. Вельмі ж я прагаладаўся. Няхай і невялікі з цябе наедак, аднак чарвячка замарыць упаўне можна.
СМЕЛАЯ ПЛОТАЧКА (убок, сама сабе). Галоўнае — заманіць Шчупака ў тое месца, дзе стаіць рыбацкая сетка. Праз яе я прайду, як заўсёды, лёгка, толькі плаўнікамі шаргануся. А вось Шчупак тыцнецца ў сетку з усяго размаху, лёска, як абцугамі, абхопіць бакі, а калі тарганецца назад, балюча ўвап’ецца ў жабры.
ШЧУПАК. Што ж, уцякай!
СМЕЛАЯ ПЛОТАЧКА. А ты даганяй!
І пагоня Шчупака за Смелай Плотачкай пачалася.
КАЗАЧНІК. Усё так і атрымалася, як задумала Смелая Плотачка. Пераканаўшыся, што Шчупак надзейна заблытаўся ў сетцы, яна паспяшалася парадаваць сваіх суродзічаў.
СМЕЛАЯ ПЛОТАЧКА (радасна). Усё, са Шчупаком пакончана! Я загнала драпежніка ў рыбацкую сетку, з якой яму ўжо не выблытацца!
СТАРАЯ ПЛОТКА. Не выблытацца, кажаш? Добра-добра. Але я павінна ўбачыць на свае вочы і пераканацца, што ўсё гэта насамрэч так.
СМЕЛАЯ ПЛОТАЧКА. Тады гайда за мной!
Яны знікаюць за кулісай.
КАЗАЧНІК (да гледачоў). А вы, дзеці, паверылі Смелай Плотачцы?
З А С Л О Н А