Раіса БАРАВІКОВА.Юр’я
Цёплым майскім адвячоркам Ніначка гуляла ў сваім двары. Выйшла на ганак маці і гукнула яе:
— Ніначка, хопіць гуляць. Ідзі ў хату, хутка будзем вячэраць.
— Дык яшчэ рана, — запярэчыла дзяўчынка.
— Не рана, — адказала маці. — Вунь, зоркі першыя выбліснулі, халадком ад зямлі пацягнула, хутка раса на траву ляжа.
— Ну і што, — заўпарцілася Ніначка.
Але маці стаяла на сваім:
— Як гэта што?! Хочаш дачакацца, калі святы Юрый на сваім кані гаспадаркі сялянскія пачне аб’язджаць! Бабуля кажа, што ён ужо недзе ў лесе ваўкам пашчы іхнія страшныя замыкае.
Апошнія матчыны словы падзейнічалі, Ніначка хутка ўзбегла на ганак. І, калі ўжо ўсёй сям’ёй селі за стол вячэраць, запыталася ў бабулі:
— А хто такі святы Юрый і чаго гэта ён ваўкам пашчы замыкае?
— Юрый, унучачка, заступнік усёй жывёлы, палеткаў і ўвогуле ўсіх сядзібаў нашых. А раты ён ваўкам замыкае, каб яны ні каровак у полі, ні коней на начлезе не чапалі. Воўк жа — драпежнік! Паспрабуй яму пашчу не замкнуць! А Юрый адважны вельмі, і конь у яго чароўны. Вось і з’явілася ў людзей свята ў яго гонар. Заўтра шостага мая — Юр’еў дзень.
Тым вечарам Ніначка доўга не магла заснуць, а калі прачнулася раненька-раненька, дык адразу да акна падбегла: раптам святога на дзівосным кані пабачыць?! Але за акном угледзела толькі сваю бабулю і, калі тая зайшла ў хату, запыталася ў яе:
— А што ты ў двары гэтак рана рабіла?
— Дык кароўку ж нашу сёння першы дзень на пашу выганялі. Маці твая яшчэ на вуліцы засталася, пастухам пачастунак вынесла і глядзіць, як яны лёгенька сцёбаюць кожную кароўку асвечанай галінкай вярбы. Звычай такі, ад продкаў ідзе. Юр’я здаўна лічыцца святам пастухоў. А ты апраніся і ў сад выбежы, расою тварык памый. Сёння яна вельмі зіхоткая і лекавая. Хто расою на Юр’я памыецца, той цэлы год хварэць не будзе.
Ніначка ўжо наважылася выбегчы ў сад, як у хату ўвайшла маці і сказала бабулі:
— Сонечны дзень будзе, значыцца, трэба лета засушлівага чакаць. Гэтак старыя людзі кажуць.
— Дожджык па радыё пасля абеду абяцалі, — адказала ёй бабуля. — Юр’я без дажджу не абыходзіцца. А калі дожджык густы пройдзе, дык і палетачкі нашы ўрадлівыя будуць. Хто пра Юр’еў дзень не забываецца, таму Юрый спрыяе.
— Тады я ў сад збегаю, расою ўмыюся, яна ж Юр’еўская, — прамовіла Ніначка.
— Ідзі-ідзі, толькі хутчэй вяртайся, — пасміхнулася маці. — Я зараз сняданак згатую, а там ужо і ў школу табе трэба ісці.
Ніначка хутка выскачыла за дзверы, а калі вярнулася з саду, дык перш чым сесці за стол снедаць, дастала з ранца свой прыгожы нататнічак, у якім яна звычайна пазначала самае цікавае, што адбывалася ў яе жыцці, і запісала: “Шостага мая — Юр’еў дзень. Свята пастухоў і лекавай расы. Юрый, відаць, гэтай ноччу наведваў наш падворак, таму што раса ў садзе надзвычай буйная, іскрыстая, радасная нейкая. Сёння на ўроку малявання я абавязкова намалюю Юрыя — дужага і прыгожага на дзівосным чароўным кані”.