Віншуем з юбілеем члена рэдкалегіі часопіса “Вясёлка” — казачніцу Алену МАСЛА.
Ці магчыма ў сучасным мітуслівым свеце гаджэтаў вандраваць з божымі кароўкамі? Пасябраваць з Лахнэскай? Парадавацца за лагоднага ваўка? З цудоўнымі кнігамі Алены Масла магчыма не толькі гэта. Яе шчырыя, кранальныя казкі для дзяцей і дарослых — адмысловыя лекі для душы і інтарактыўны падручнік жыцця для сучасных чытачоў. Чытачоў, якія, азірнуўшыся навокал, убачаць прыгажосць і непаўторнасць беларускіх краявідаў, адчуюць цеплыню добрых спраў і проста, па-дзіцячы даверліва ўсміхнуцца, таму што пісьменніца сэрцам размаўляе са сваім чытачом, вядзе яго па старонках кніг і не дае стамляцца ад аднастайнасці. “Маленькі чытач, — лічыць Алена Масла, — гэта адкрыты свету чалавек, які верыць у Казку і тым самым мацуе перамогу Дабра над Ліхам”.
Яе глыбокія, жывыя творы ўжо даўно ўвайшлі ў скарбонку беларускай аўтарскай казкі, якую, па словах пісьменніцы, можна лічыць “прытулкам душы, бо ў ёй справядлівасць, праўда, жыццё заўжды перамагаюць”.
У гісторыі часопіса “Вясёлка” шмат праектаў звязана з творчасцю Алены Масла, шмат твораў пісьменніцы ўпершыню былі надрукаваныя ў “Вясёлцы”. Віншуем Алену Сцяпанаўну з прыгожай датай, з днём нараджэння! Новых казачных прыгод! Яскравых фарбаў творчасці! Удзячных чытачоў і сямейнага дабрабыту! Няхай добрая казка і жыццёвая рэальнасць па-сяброўску ідуць побач і давяраюць Вам свае таямніцы.
Ірына БУТОРЫНА