Любоў ДЭР «Павучок і яго сябры»
У дзіцячай бібліятэцы за вялікай шафай жыў павучок. Днём ён спаў, захінуўшыся ў зялёны шалік, і яго ніхто не турбаваў. Павучок любіў кнігі і сябраваў з імі. “Прывітанне, Дабрачок”, —
усміхаючыся віталі яго сябры. Кожны вечар, як толькі чытачы і бібліятэкары шлі дамоў, царства кніг ажывала. Пакой напаўняўся галасамі:
— Як мне пашанцавала, з якой цікавасцю мяне чытаў хлопчык!
— Абуральна! Яна нават мяне не разгарнула!
— Які жах! Мяне ўсю размалявалі. А гэтыя тварыкі… Які кашмар! Ад шуму павучок прачынаўся. Выпіўшы кубачак гарбаты і надзеўшы пухнатыя тэпцікі, ён шустра выскокваў са свайго жылля.
Павісеўшы некалькі хвілін на лесвіцы-павуцінцы, ён прыслухоўваўся да размоў. Зусім побач нехта ціхенька плакаў. Павучок спрытна спусціўся ўніз. На палічцы ляжала кніга пра жывёл. Уся яна была ў вялікіх тлустых плямах. Жывёлы на яе абарваных старонках таксама выціралі слёзы.
— За што, за што з намі так абыходзяцца?! На нас клалі пячэнне, капалі малаком. А хлопчыкі! Хлопчыкі кідаліся мною адзін у другога.
Павучку-Дабрачку давялося цэлую гадзіну супакойваць кнігу. Ад жалю да яе яму самому хацелася плакаць.
— Якое бязладдзе! — абуральна ўздыхаў павучок, пагладжваючы кнігу сваімі добрымі лапкамі. Потым ён перапоўз па сваёй нітачцы ўверх.
— Божа, а тут што?! — здзіўлена вымавіў Дабрачок.
На палічцы ва ўвесь рост стаяў велізарны Тлумачальны Слоўнік. Нахмурыўшы бровы, ён старанна чысціўся гумкай ад слядоў алоўка.
— Не разумею, як так можна мяне ўсяго выпацкаць?! Гэта проста непавага да мяне! — абуральна шаптаў Слоўнік.
— Не хвалюйся, паважаны, я табе зараз дапамагу, — клапатліва вымавіў павучок. І сваімі пухнатымі лапкамі стаў дапамагаць
Слоўніку.
Затым па паветранай нітачцы ён хуценька перабег на другі стэлаж. Тут Народныя Казкі натхнёна распавядалі сваім суседзям, як беражліва і клапатліва з імі абыходзілася дзяўчынка Саша:
— Як нам было прыемна: нас абгарнулі вокладкай, падклеілі старонкі. А сястрычка Сашы зрабіла прыгожую закладку і паклала ў кнігу.
Да самай раніцы кнігі дзяліліся сваімі ўражаннямі пра сваіх чытачоў. Некаторыя засмучаліся, што іх не сталі чытаць, а толькі гарталі старонкі.
— Ах! Як нам непрыемна, бо мы ж такія цікавыя! — жаліліся яны.
Іншыя з задавальненнем расказвалі, як уважліва іх чыталі. Героі розных твораў хадзілі адзін да аднаго ў госці з кнігі ў кнігу і расказвалі дзецям пра свае прыгоды, прымушалі адных сумаваць, другіх — радавацца. Да самай раніцы ў бібліятэцы гучалі галасы. Наш павучок разам з усімі радаваўся і засмучаўся. Кагосьці суцяшаў, камусьці дапамагаў… Кніжныя сябры празвалі яго Павучком-Дабрачком. Пад раніцу ён, змораны, залазіў у сваю шафу.
Ледзь дапаўзаў да любімага шаліка і, не скідаючы тэпцікаў, імгненна засынаў. А раніцай чуліся крокі, гучныя галасы, звон ключоў у дзвярах. І, калі дзверы адчыняліся, у бібліятэцы стаяла цішыня. Кнігі ляжалі ціха і мірна на сваіх месцах. Яны, як заўсёды, чакалі сваіх чытачоў. А над сталом бібліятэкара красаваўся плакат “Беражыце кнігі заўсёды і ўсюды”.