Таццяна ПРЫШЧЭПАВА «ЗОРАЧКА»
Аднойчы ў адным невялікім заапарку з’явілася на свет незвычайнае сланяня. Колер скуры яго быў як пяшчотны ліловы пялёстак, а на спінцы – радзімка ў выглядзе зорачкі.
– Якая цудоўная малая! – радасна ўсклікнула дырэктарка заапарка.– Ну што ж, назавем цябе Зорачка, бо сама прырода ўзнагародзіла цябе незвычайнай прыгажосцю.
Ішоў час. Зорачка падрастала і кожны дзень здзіўляла ўсіх вакол сваімі выдатнымі здольнасцямі. Дарослыя і дзеці прыходзілі на яе паглядзець, жадалі з ёй сфатаграфавацца. Вось толькі сама Зорачка марыла зусім пра іншае:
– Як бы я хацела выступаць на вялікай сцэне! – захоплена казала малая маме. – Калі падрасту, то абавязкова стану зоркай! Вось пабачыш!
Мама гладзіла сваё дзіця па галоўцы і міла адказвала:
– Зорачка, дачушка! Падрасцеш – тады сама і абярэш для сябе шлях. Але памятай, што ў жыцці лёгка нічога не даецца.
Зорачка абдымала маму, кажучы пры гэтым:
– Як бы мой лёс ні склаўся, я ведаю, што ты заўсёды мяне падтрымаеш, заўсёды будзеш побач.
– Вядома, мая дарагая! – пацвердзіла мама і адвяла вочы ў бок. Яна не хацела разбураць мары дачкі і таму не казала, што яны ў заапарку будуць жыць заўсёды. Такая ўжо выпала доля.
Зорачка падрасла і ператварылася ў прывабную сланіху. Надышоў час ажыццяўляць сваю запаветную мару. Але нечакана для сябе Зорачка даведалася горкую праўду, якую не адважвалася адкрыць ёй маці. Ад роспачы праплакала ўсю ноч.
– Што ж мне рабіць? – пыталася яна ў зорак. – Няўжо мая мара не здзяйсняльная?
І раптам згадала словы маці: «Памятай, дачушка, што ў жыцці лёгка нічога не даецца».
І тады Зорачка вырашыла, што не здасцца і будзе ісці да сваёй мары, хоць пакуль яшчэ і не ведала як.
Яна доўга ўзіралася ў зорнае неба. І раптам убачыла падаючаю зорку. Зорачка заплюшчыла вочы і загадала сваё самае запаветнае жаданне.
Скрозь цішыню, недзе ўдалечыні, Зорачка пачула гучанне музыкі. Расплюшчыла вочы і ўбачыла прыгожы шацёр.
– Гэта ж цырк! – радасна ўсклікнула яна.– Як жа я хачу трапіць туды!
Зорачка кідалася з боку ў бок і не ведала, як ёй выбрацца са сваіх засценкаў.
Тым часам сланіху ўбачыла загадчыца заапарка і, зжаліўшыся, тут жа прыняла рашэнне адпусціць Зорачку.
– Будзь шчаслівая! – пажадала ўслед.
– Памятай: я заўсёды разам з табой! – пракрычала маці Сланіха.
Зорачка памахала ім на развітанне хобатам і растварылася ў цемры.
Яна насамрэч стала сапраўднай зоркай цырка. І кожны марыць трапіць на цыркавое прадстаўленне, у якім выступае Зорачка.