Вася Вясёлкін запрашае ў Азербайджан
Азербайджан знаходзіцца на Каўказе, на памежжы Еўропы і Азіі. З трох бакоў, нібы спецыяльна для абароны, ахоўваецца гарамі. Імі занята амаль палова тэрыторыі краіны. На поўначы ўздымаецца вышэйшая з гор Базардзюзю (4466 метраў). Азербайджан мяжуе з Расіяй, Грузіяй, Арменіяй, Іранам, Турцыяй. З усходу яго тэрыторыю амывае Каспійскае мора. У краіне больш за тысячу рэк, буйнешая з іх – Кура. Жывёльны свет Азербайджана вельмі разнастайны. Газэль, альбо джэйран, каўказскі алень, якога тут называюць маралам, і дзікабраз асабліва ўшаноўваюцца азербайджанцамі. Сталіца Азербайджана – горад Баку. Нацыянальная валюта – манат.
Баку
Назва горада азначае “горад вятроў” альбо “галоўны горад”. На гербе Баку – тры факелы на фоне марскіх хваляў. На пачатку дваццатага стагоддзя тут здабывалася больш за палову ўсёй сусветнай нафты. Бакінцы першымі пачалі здабываць “чорнае золата” з марскога дна. Пазней у Каспійскім моры быў пабудаваны сапраўдны горад на палях – Нафтавыя Камяні.
Дзявочая вежа
Легендарным сімвалам Баку з’яўляецца “Гыз галасы” — Дзявочая вежа. Калі яе будавалі, невядома, але вежа існавала ўжо на пачатку нашай эры. Уяўляе сабой цыліндр вышынёй 28 метраў, таўшчыня сцен – пяць метраў каля падмурка. Усярэдзіне – восем ярусаў, там можа размясціцца дзвесце чалавек. Угару падымаюцца па вінтавой лесвіцы. У вежы ёсць нішы, калодзеж і пракладзены трубы. Да нашых часоў невядома, як яна выкарыстоўвалася: гэта быў назіральны бастыён, маяк ці абсерваторыя?
Гобустан
Музей пад адкрытым небам. Тут знойдзена стаянка першабытнага чалавека бронзавага стагоддзя. Захавалася больш за чатыры тысячы выяў людзей і жывёлы, выбітых на камянях. Знойдзены таксама рэшткі старажытнага посуду. Посуд высякалі ў скале, і такім чынам збіралі ваду для сваіх патрэб.
Храм агню “Атэшгях”
Храм пабудаваны ў сямнаццатым стагоддзі ў паселішчы Сураханы, што ў трыццаці кіламетрах ад Баку. “Атэшгях” перакладаецца як “Вогненнае месца”. Даўней людзі не маглі патлумачыць, чаму ўдзень і ўначы тут гараць вогнішчы. Некаторыя нават звязвалі гэту з’яву з нячысцікамі. Менавіта гэты храм захаваў рысы старажытных алтароў агню, бо агонь падтрымліваўся выхадам з-пад зямлі прыроднага газу.
Анастасія РАДЗІКЕВІЧ