Вялікі шаўковы шлях
Дарога караванаў з Кітая ў краіны Сярэдняй і Пярэдняй Азіі даўжынёй прыблізна ў 7 тысяч кіламетраў, першапачаткова была звязана з распаўсюджваннем шоўку. Адзіны шлях склаўся толькі да канца II ст. да н.э. Да гэтага ўжо існавалі асобныя гандлёвыя маршруты, якія ў сярэдзіне першага тысячагоддзя да н. э. пачалі злівацца ў адзін.
Важную ролю ва ўзнікненні Вялікага шаўковага шляху адыграў кітайскі чыноўнік, дыпламат і падарожнік Чжан Цянь. Якога імператар У-дзі накіраваў яго знайсці хаўруснікаў для барацьбы з плямёнамі сюнаў, што турбавалі імперыю нападамі. Значную ролю таксама адыгралі заваёўныя паходы Аляксандра Македонскага: з’явіліся буйныя дзяржавы на тэрыторыі Блізкага Усходу і Азіі, склаліся цесныя кантакты паміж краінамі Захаду і азіяцкімі дзяржавамі.
Асноўным таварам Вялікага шаўковага шляху была тканіна з шоўку і шоўк-сырэц. У сярэднія вякі Кітай экспартаваў у Еўропу фарфор і гарбату.
Вялікі шаўковы шлях дзейнічаў да XVII ст. і складаўся з двух асноўных напрамкаў: паўночная дарога – ад паўночнага Кітая праз Памір, Фергану да Ніжняй Волгі і Чорнага мора, паўднёвая дарога – ад паўночнага Кітая праз Яркенд, Памір, Бактрыю на Блізкі Усход і Індыю. Яны злучаліся рознымі прамежкавымі маршрутамі.
Гандаль прыносіў прыбытак не толькі купцам, але і дзяржавам, праз якія ішлі шматлікія караваны, бо яны плацілі мыта. Кіраўнікі ахоўвалі купцоў і спаганялі буйныя штрафы, калі на караваны нападалі. Вялікі шаўковы шлях перажываў рост гандлю і яго падзенне ў залежнасці ад таго, што адбывалася ў рэгіёне. Акрамя эканамічнага значэння, Вялікі шаўковы шлях дапамагаў устанавіць кантакты паміж народамі, культурамі і цывілізацыямі. Ішоў абмен не толькі рознымі тэхналогіямі (вытворчасць шоўку, паперы, пораху), але і рэлігійнымі вераваннямі і культурнымі здабыткамі.