Лисіныя лапы
Эльвіра ВАШКЕВІЧ
Казка
Аднойчы Ліса зайшла ў госці да Мудрага Філіна. Прынесла яму звязку мышэй, бо ўсе ведаюць, што Мудры Філін вельмі любіць паласавацца мышацінкай.
– Толькі не кажы, што завітала проста так, – усміхнуўся Мудры Філін.
– Я прыйшла параіцца, – прызналася Ліса. – Як зрабіць, каб паляванне было заўсёды ўдалым?
– Ваўка ногі кормяць, – сказаў Мудры Філін.
– Дык я ж не воўк! – запярэчыла Ліса.
– Ну і што? – Мудры Філін узмахнуў крылом. – Галоўнае, што ногі кормяць!
Ліса пачала даглядаць свае лапы. Паліравала кіпцюры і фарбавала іх лакам, чатыры разы на дзень мыла белыя шкарпэткі, вылізвала шэрстку. Астатні час ляжала на сонейку, паднімала ўгору лапы і грэла іх.
– Сонечныя ванны карысныя лапам, – казала Ліса. – А калі лапам нешта карыснае, то яны будуць карміць лепш!
Ліса баялася зрабіць крок, каб не сцерці лак і не выпацкаць шкарпэткі.
Неўзабаве Ліса выявіла, што ўжо не можа бегаць так хутка, як раней. Зноў накіравалася да Мудрага Філіна.
– Дурная! – сказаў Мудры Філін. – Хіба ж так даглядаюць лапы? Гэтак хутка не зможаш дагнаць не тое што зайца, а нават чарвяка!
З тых часоў Ліса больш не фарбуе кіпцюры лакам і не ляжыць на сонейку цэлымі днямі. Яна трэніруе лапы – бегае і скача, нават падцягваецца на галлі дрэў. Праўда, шкарпэткі па-ранейшаму мые чатыры разы на дзень – вельмі яны ёй падабаюцца!