Самы смелы
Сяргей ПАЛІКАРПАЎ
Галоўны ў лесе мядзведзь. Усе клічуць яго Лапатычам, бо лапы вельмі вялікія. Калі Лапатыч зараве, лясныя жыхары павінны сабрацца на паляне.
Падзьмулi цёплыя ветры, прыгрэла сонейка, пабеглі ручаі. Незадаволены мядзведзь вылез са сваёй бярлогі, дзе яму было зручна бачыць салодкія сны. Ён агледзеўся вакол і падумаў: “Ужо вясна. Трэба склікаць усіх звяроў, сказаць, што янапрыйшла”. Ён гучна зароў і скіраваўся ў бок паляны. Але не прайшоў і дваццаці крокаў, як у яго касматы жывот урэзаўся заяц.
– Куды бяжыш, даўгавухі? – зароў мядзведзь.
– Бяда! – залапатаў заяц. – На зборнай паляне аб’явілася страшня пачвара. Рогі вялічэзныя і раве так, што вушы дрыжаць і хвост закручваецца.
– Ды ў цябе і хваста няма, – сказаў мядзведзь і, зірнуўшы сабе за спіну, ціха дадаў: – Ды і ў мяне з хвастом не вельмі. Чаго нам баяцца? Пайшлі!
Пад дрэвамі побач з палянай сабраліся ўсе зверы. Але выходзіць не спяшаліся.
– Дзе тут пачвара рагатая? – гучна спытаў мядзведзь і ганарліва выйшаў на паляну, у самым цэнтры якой расла тоўстая і расшчэпленая маланкай хвоя.
Падзьмуў вецер. Вялікія галінастыя рогі, якія былі бачны паміж галінак хвоі, заварушыліся. Пачвара зараўла.
Мядзведзь, пачаў адступаць i схаваўся ў ценю дрэў. Потым, пазіраючы ў бок паляны, сказаў:
– Мы не ведаем, што за звер за хвояй схаваўся. Трэба, каб нехта паглядзеў. Хто жадае?
Звяры маўчалі. Лось жаваў галінку лазы. Вожык выставіў іголкі.
– Заяц не можа, – сказаў мядзведзь. – Ён сам сябе баіцца.
– Баюся, – пацвердзіў заяц.
– Воўк?
– Не, Лапатыч. У мяне зубы баляць, які ж я абаронца? – Заявіў воўк і ашчэрыў пашчу, поўную здаровых і вострых зубоў.
– Тады ліса.
Але ліса зрабіла выгляд, што нічога не чуе.
Лапатыч падумаў ужо, што прыйдзецца пайсці самому, але заўважыў мышаня.
– Ты маленькае, – сказаў ён – Цябе ніхто не заўважыць. Ідзі!..
Калі Лапатыч сказаў, трэба выконваць. Мышаня пайшло ў бок расшчэпленай хвоі. Звяры згрудзіліся на краі паляны. Адзін толькі лось усё жаваў галінку.
Калі падымаўся вецер, пачвара зноў варушыла рагамі і раўла. Мышаня стала нябачна. Звяры заварушыліся, захваляваліся. Але мышаня ўжо бегла назад.
– Ну, хто там хаваецца? – Адразу ж спыталі звяры.
– Ніхто, – адказала мышаня – Захраснуліся ў дрэве рогі, а калі дзьме вецер – дрэва рыпае.
– Ро-о-о-о-гі, – усё павярнуліся да лася.
Лось, які нарэшце дажаваў лазу, здзіўлена паглядзеў на звяроў:
– А я што? Я нічога. Увосень, калі лісце з дрэў падала, Лапатыч усіх сабраў, каб абвясціць зіму. Я стаяў каля сасны. Не заўважыў, як мае рогі адваліліся. Час падышоў. А потым мяне і не пыталі.
Мядведзь толькі ўздыхнуў:
– Калі усе на месцы, аб’яўляю вясну!
Звяры разбрыліся па сваіх справах. І ніхто не згадаў пра мышаня, якое толькі што хадзіла на сустрэчу з невядомай небяспекай. Бо не той смелы, хто вялікі і моцны, а той, хто свой страх пераадолеў.