Зімовыя гісторыі ад Бусі
Што найбольш прыемна рабіць халоднымі зімовымі вечарамі? Канешне, чытаць разам з бацькамі займальныя гісторыі і цудоўныя вершы. Перад адлётам у вырай я адшукаў для цябе цікавае выданне!
Гэта кніга дзіцячай пісьменніці Вольгі Любашынай “Вяшчунка”. Аформіла выданне таленавітая мастачка Людміла Каюкова.
Вершы ты здолеешь прачытаць самастойна. Нешта нават можна вывучыць, каб расказаць на Навагоднім свяце. У кнізе вялікая колькасць вершаў пра кожную пару года, але самыя прыгожыя – пра зіму.
Цёпла і ўтульна становіцца ад наступных радкоў:
Будзем святкаваць Каляды!
Цацачкі ўзяла з шуфляды,
Нашу елачку-прынцэсу –
Ды з кардонкі, а не з лесу.
Вось сняжыначкі з паперкі,
Шакаладныя цукеркі…
Я ўпрыгожыла ялінку,
Зорачку – на верхавінку
Цудоўны аповед “Бабуліны блінцы” табе прачытае мама ці тата. Упэўнены, ён спадабаецца ўсім!
Твой Буся