Вершы на памяць для самых маленькіх
Цётка Зося сваім дзеткам
Вяжа цёплыя шкарпэткі,
Рукавічкі, шапку, шалік,
Каб марозы не пужалі.
Наталля Сацута
Сонейка па небе
пракацілася
і за лес далёкі
апусцілася.
А зямля салодка
пацягнулася.
Аж да ранку ў ночку
захінулася.
Зоркі ў неба выйшлі
пакрысе…
Месяц іх,
як пастушок, пасе.
Генадзь Аўласенка
Зіхатлівыя сняжынкі
Па зямельцы Дзед Мароз
Поўны мех сняжынак нёс.
Рассяваў іх па палях,
Па лясах і па лугах,
Рассяваў па ўсіх сцяжынках
Зіхатлівыя сняжынкі,
Каб святлей было на свеце,
Каб гулялі з імі дзеці.
Пятро Сушко
Кажух
Дзед Мароз
Прыйшоў да нас
– Добры дзень!
Якраз у час.
Ледзьве пераводзіць дух:
– Дужа душны
Мой кажух, –
Дзед з усмешкаю гаворыць,
Падарункі шчодра дорыць.
Рыгор Барадулін
З завеяй хмары наляцелі,
Згубіўся свет у снежнай белі,
Сцішэла досвіткам, на ранку –
Зіма стварыла маляванку.
Людміла Воранава