Як Курачка Пеўніка ратавала
Беларуская народная казка
Дзейныя асобы:
А п а в я д а л ь н і к
К у р а ч к а
П е ў н і к
К а р о в а
К а с ц ы
П е к а р
А п а в я д а л ь н і к: Жылі-былі Курачка і Пеўнік. Курачка яйкі несла, а Пеўнік зярняткі здабываў, Курачку частаваў. Выграбе з ямкі зярнятка і кліча Курачку:
П е ў н і к: Ко-ко-ко, Чубатка, знайшоў зярнятка!
А п а в я д а л ь н і к: Вось аднойчы выграб Пеўнік вялікую бобінку.
«Ну, — думае, — гэтага зярняці Курачцы не праглынуць, з’ем хіба сам». Праглынуў — ды і падавіўся. Паваліўся пеўнік, ногі задраў і не дыхае.
Падбегла да яго Курачка
К у р а ч к а: Што з табою, Пеця? Чаму ты ляжыш і не дыхаеш?
П е ў н і к: Ой, бобінкай падавіўся…
К у р а ч к а: Як жа цябе ратаваць, Пеця?
П е ў н і к: Трэба масла дастаць, горла змазаць.
К у р а ч к а: А дзе яго дастаць?
П е ў н і к: У каровы.
А п а в я д а л ь н і к: Пабегла Курачка да каровы.
К у р а ч к а: Карова, карова, дай масла!
К а р о в а: Нашто табе масла?
К у р а ч к а: Пеўнік ляжыць і не дыхае: бобінкай падавіўся.
К а р о в а: Добра, дам я табе масла. Але схадзі спярша да касцоў, папрасі сена.
А п а в я д а л ь н і к: Прыйшла Курачка да касцоў:
К у р а ч к а: Касцы, касцы, дайце сена!
К а с ц ы: Нашто табе сена?
К у р а ч к а: Сена — карове. Карова дасць масла. Масла — пеўніку, бо пеўнік ляжыць і не дыхае: бобінкай падавіўся.
К а с ц ы: Схадзі да пекара, папрасі пірагоў. Пірагі мы з’ядзім, тады і сена накосім.
А п а в я д а л ь н і к: Прыйшла курачка да пекара:
К у р а ч к а: Пекар, пекар, дай пірагоў!
П е к а р: Нашто табе пірагі?
К у р а ч к а: Пірагі — касцам. Касцы накосяць сена. Сена — карове. Карова дасць масла. Масла — пеўніку, бо пеўнік ляжыць і не дыхае: бобінкай падавіўся.
П е к а р: Збегай у лес, прынясі дроў, каб было на чым пірагі пячы.
А п а в я д а л ь н і к: Пабегла Курачка ў лес і прынесла дроў. Пекар напёк пірагоў. Занесла Курачка пірагі касцам. Касцы з’елі пірагі і накасілі сена.
Прынесла Курачка сена карове. Карова з’ела сена і дала масла.
Пеўнік змазаў маслам горла і праглынуў бобінку. Праглынуў і зноў весела на ўвесь двор заспяваў:
П е ў н і к: Ку-ка-рэ-ку! Чуб-чубатка — маладзец!
А п а в я д а л ь н і к: Тут і казачцы канец.