Настачка і скразняк
Настачка ходзіць у дзіцячы сад. Яна вельмі цікаўная і жвавая дзяўчынка. Ведае ўсё пра ўсіх у сваёй групе: хто ў якія гульні гуляе, хто з кім сябруе, хто не любіць маннай кашы. Але Настачцы гэтага мала. Яе зацікавіла, чым займаюцца дзеці ў іншых групах. Аднойчы зазірнула ў суседні пакой. Адчыніла дзверы, але не паспела нічога разгледзець, бо выхавальніца закрычала:
– Дзяўчынка, хутчэй зачыні дзверы! Бачыш, які скразняк!..
Настачка яшчэ не ведала, што такое скразняк, таму здзіўлена азірнулася, але нікога за сабой не ўбачыла. Тады яна адчыніла наступныя дзверы. З крыкамі “Скразняк!” на яе замахалі рукамі выхавальніца і дзеці. Настачка зноў азірнулася і зноў ніякага скразняку не ўбачыла. Праўда, адчула, што нехта ўскудлаціў ёй валасы. Так і ёсць, падумала, скразняк сваволіць.
Яна рашыла перахітрыць скразняк, заманіць яго ў пастку. Заўважыла нейкую бакавушку, зайшла і стала чакаць. Як толькі скразняк шмыгнуў у памяшканне, хуценька зычыніла дзверы. У бакавушцы стаяў паўзмрок. Невялікае акно было адчынена, але пераплецена жалезнымі прутамі.
– Ну, скразняк, – смела сказала Настачка, – вось ты і папаўся! Адсюль нікуды не збяжыш. Паказвайся, дзе ты?
Скразняк маўчаў і не паказваўся. Счакаўшы хвіліну, дзяўчынка больш лагодна прапанавала:
– Давай знаёміцца, чуеш? Выходзь, не бойся!
Настачка думала, што скразняк, як і дзетсадаўцы, любіць гуляць у хованкі. Яна шырока развяла рукі і пачала мацаць паветра вакол сябе, у кутках. Скразняку нідзе не было. Настачка рашыла, што ён схітрыў і застаўся недзе там, за дзвярамі. Нечакана ў носе заказытала, і яна чхнула некалькі разоў запар.
У гэты момант дзверы адчыніліся, і Настачка ўбачыла сваю выхавальніцу.
– Вось ты дзе! – здзівілася тая і спытала: – Што ты робіш тут, у кладоўцы?
Дзяўчынка пачырванела, часта заморгала вочкамі і шчыра прызналася:
– Я… я скразняк шукаю. Хачу з ім пазнаёміцца.
Выхавальніца памацала далонню яе лоб, узяла за руку і сказала:
– Здаецца, ты ўжо з ім пазнаёмілася. Пайшлі да медсястры.
Медсястра ўважліва агледзела Настачку, дала ёй некалькі вітамінак-гарошынак. Затым пераглянулася з выхавальніцай і строга папярэдзіла:
– Асцерагайся скразняку! А то захварэеш – і давядзецца піць горкія лекі…
Цікавасць да таямнічага скразняку засталася, але не піць жа з-за яго горкія лекі. Настачка з палёгкай уздыхнула. “Сапраўды, – падумала яна, – навошта мне гэты скразняк? Куды лепш гуляць у хованкі з сябрамі”.
Павел Саковіч
У гэтым месяцы Паўлу Паўлавічу САКОВІЧУ, лаўрэату вясёлкаўскай прэміі імя Васіля Віткі, спаўняецца 70 гадоў. Жадаем юбіляру здароўя, творчага плёну ў паэзіі і прозе.