Песенька пра двух вярблюдаў
Среда, 24.07.2019 18:16. Рубрика: Хвілінкі-весялінкі
Два маленькія вярблюды
елі з распіснога блюда
макароны і катлеты,
запяканку з кісялём.
А пасля такой вячэры
выбягалі прэч за дзверы.
Іх там сустракалі лужы
з цёплым чэрвеньскім дажджом.
Два маленькія вярблюды
не баяліся прастуды,
бо на капытах было ў іх
восем ботаў на дваіх.
І спявалі, і скакалі,
потым бурбалкі пускалі,
нават плавалі, нібыта
грузавыя караблі.
Адпачынку не давалі.
Лужы трошку сердавалі,
толькі потым зразумелі,
што злуюць яны дарма.
Для маленькіх двух вярблюдаў
здорава зрабіцца цудам!
Хай пабегаюць удосталь –
у пустыні луж няма.
Вольга Гронская